Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў і ветэранаў адкрытага акцыянернага таварыства "Беларуськалій" з Днём шахцёра. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Гэта свята сапраўдных працаўнікоў, людзей смелых і моцных духам. Беларускія шахцёры неаднаразова даказвалі, што ім па плячы задачы любой складанасці, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Горназдабыўная галіна краіны дынамічна развіваецца, пастаянна нарошчваючы вытворчы патэнцыял. Яркае сведчанне таму - рэалізаваныя за апошнія гады амбіцыйныя праекты і маштабныя планы на перспектыву".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: "Ва ўмовах санкцыйнага ціску вам удалося максімальна хутка выбудаваць новыя лагістычныя маршруты, мінімізаваць страты і пацвердзіць свой высокі міжнародны статус надзейнага партнёра. Дзякую вам за вернасць прафесіі, за стойкі характар, за вашу самаадданую працу і значны ўклад у развіццё нашай любімай Беларусі".

Прэзідэнт пажадаў усім моцнага здароўя, аптымізму, міру і дабра.

Крыніца: belta.by