Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з 555-годдзем здабыцця цудатварнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 505-годдзем заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Больш за пяць стагоддзяў тут гучыць малітва аб дабрабыце роднай зямлі, а цудатварная ікона, што выпраменьвае гаючую сілу, прыцягвае паломнікаў з усяго свету. Мільёны людзей знаходзяць надзею, дакранаючыся да святыні, і духоўна абагачаюцца, наведваючы абіцель", - гаворыцца ў віншаванні.

Дзякуючы ўвазе дзяржавы, прафесіяналізму будаўнікоў і намаганням свяшчэннаслужыцеляў манастыр пераўтварыўся і па праву з'яўляецца цэнтрам беларускага праваслаўя, адзначыў Прэзідэнт.

"Упэўнены, што гэта святое месца яшчэ доўгія гады будзе аб'ядноўваць хрысціян, садзейнічаць умацаванню міжканфесійнага міру і згоды ў грамадстве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім добрага здароўя, бязмежнай веры і поспехаў у працах дзеля працвітання роднай Беларусі.

belta.by