Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе прапрацаваць напрамкі для інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з Таджыкістанам, асабліва на фоне падзення таваразвароту ў апошні час. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Бахтварам Сафарзодай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Давайце будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны. З Эмамалі Шарыповічам (Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. - Заўвага. БЕЛТА) у бліжэйшы час пры першай жа магчымасці мы пагаворым аб тым, каб вызначыць напрамкі інтэнсіфікацыі нашых адносін. А вы як пасол вельмі актыўны, перспектыўны дыпламат, думаю, унясеце свой уклад у развіццё нашых адносін", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканоміка і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляюцца базай для любых міждзяржаўных адносін. "Міністэрства замежных спраў мяне супакойвае ў тым, што леташняе падзенне таваразвароту нязначнае і так далей. Але я эканаміст і прывык у дынаміцы глядзець на працэсы. У мінулым годзе мы не нашмат знізілі таваразварот, але да папярэдняга года. А папярэдні год даў нам прыстойнае зніжэнне таваразвароту. Таму ў цэлым мы таваразварот знізілі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Разбураць фундамент нашых адносін нельга. Як я сказаў, аснова - гандлёва-эканамічныя адносіны. Таму трэба нам тут папрацаваць, каб вярнуць таваразварот для пачатку на тую стадыю, на якой ён знаходзіўся. Ну і вядома ў нас дастаткова прадукцыі, тавараў для таго, каб павялічваць гэты таваразварот", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ўзровень таваразвароту ў 70, 80 ці нават $100 млн - гэта амаль нішто для Беларусі і Таджыкістана з улікам наяўнага патэнцыялу. "Трэба шукаць магчымасці павелічэння таваразвароту. Вызначыцца, як мы заўсёды робім. Упэўнены, Таджыкістан прыме такія прапановы. Вызначыцца па таварах, якімі мы ўзаемна можам гандляваць і абменьвацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нашы магчымасці вы добра ведаеце. У нас ёсць усё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан. І ў галіне прамысловасці, і сельскай гаспадаркі, і паставак аўтамабільнай тэхнікі, асабліва грузавікоў. Вы вельмі шмат працуеце па распрацоўцы ў горназдабыўной прамысловасці. Мы тут можам аказаць вам значную дапамогу і падтрымку".