Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведныя ўказы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Па выніках 2019 года прысуджаны пяць прэмій "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Прэмія прысуджана настаяцелю прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска протаіерэю Іаану (Івану) Харашэвічу за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй міласэрнасці і арганізацыю работы Дома духоўнай асветы.

Высокай узнагароды ўдастоена Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў за актыўную гуманітарную дзейнасць па аказанні дапамогі ветэранам і ўшанаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Калектыў грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў" адзначаны прэміяй за вялікую працу па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы шматдзетных сем'яў, рэалізацыю гуманітарных праектаў "Конкурс на лепшую шматдзетную сям'ю", "Мінскі гарадскі форум маці", тэлепраекта "Родныя людзі".

Прэмія "За духоўнае адраджэнне" таксама прысуджана калектыву філіяла ўстановы культуры "Брэсцкі абласны краязнаўчы музей" "Археалагічны музей "Бярэсце" за актыўную дзейнасць па захаванні нацыянальнага культурнага здабытку і стварэнне абноўленай экспазіцыі філіяла музея.

За стварэнне фундаментальнага картаграфічнага выдання "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" прэміяй удастоены аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Каваленя, галоўнага рэдактара РВУП "Белкартаграфія" Галіны Ляхавай, дырэктара ДУ "Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі" Вячаслава Насевіча.

Ідэя стварэння атласа зарадзілася ў 2005 годзе. Першы том быў выдадзены ў 2009 годзе, а апошні, чацвёрты, - у 2018-м. Праца над атласам запатрабавала ад яго стваральнікаў карпатлівай працы і высокага прафесіяналізму.

За выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.