Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае да далейшага зняцця бар'ераў у ЕАЭС і пераняцця вопыту Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зацікаўлены разам з Расіяй, каб ЕАЭС больш пераймаў вопыт у Саюзнай дзяржавы - тое, што прымальна для ЕАЭС", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ЕАЭС, СНД і Саюзная дзяржава - гэта розныя фарматы шматузроўневай інтэграцыі, якая склалася. І на самым нізкім узроўні з пункту гледжання глыбіні інтэграцыі знаходзіцца СНД. "Мы зацікаўлены, напэўна, і вы, каб СНД арыентавалася на ЕАЭС. А, можа быць, і на працу ў рамках нашых саюзніцкіх адносін з Расіяй, - заявіў Прэзідэнт. - Але гэта воля кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, эліты гэтых дзяржаў. Мы асабліва не настойваем на гэтым працэсе. Але, як варыянт, чаму б не?"
Але гэта, па словах Аляксандра Лукашэнкі, не галоўнае. "Галоўнае, што ў нас у самым саюзе эканамічным існуе шэраг праблем, над якімі трэба сур'ёзна працаваць. Эканамічнага характару. Нам бы хацелася, і гэта трэба зрабіць у перыяд вашага старшынства, паколькі сам Казахстан адыгрывае вельмі важную ролю ў саюзе, каб мы прыбралі ўсякія бар'еры, якія яшчэ, на жаль, існуюць у нас. Нам трэба дамовіцца наконт энергетычных пытанняў, каб былі роўныя магчымасці ў дзяржаў. Трэба адзіныя рынкі газу, нафты. Агульны рынак трэба ствараць. Ад гэтага мы нікуды не сыдзем. Вы бачыце, як сітуацыя складваецца вакол, і самі абставіны падштурхоўваюць нас да больш цеснага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", - заявіў беларускі лідар.
Бакытжан Сагінтаеў з 1 лютага ўступіў на пасаду старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, а да працы ў ЕЭК займаў шэраг важных дзяржаўных пасад у Казахстане. "Вы чалавек дасведчаны, які прайшоў нямалы шлях. Наша арганізацыя - гэта арганізацыя эканамічнага характару. Прынцыповы падыход Казахстана да гэтых пытанняў я вельмі добра ведаю, паколькі з Нурсултанам Абішавічам (першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. - Заўвага. БЕЛТА) быў ля вытокаў стварэння гэтай арганізацыі. Цяперашняе кіраўніцтва Казахстана прыхільна гэтаму курсу - менавіта эканамічнай накіраванасці Еўразійскага эканамічнага саюза, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, што, выкарыстоўваючы ваш вопыт і вашу ранейшую ўцягнутасць у эканамічныя працэсы, нам удастся нямала зрабіць. Галоўнае – вы ініцыюйце, не маўчыце. Думаю, вы будзеце такім рашучым чалавекам і будзеце прапаноўваць тое, што, вы бачыце, з'яўляецца перашкодай у развіцці нашага Еўразійскага эканамічнага саюза".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асновай моцных міждзяржаўных адносін з'яўляецца эканоміка. "Будзе эканоміка – будзе і палітыка, і дыпламатыя, і ваенныя адносіны мы будзем развіваць. Таму трэба ствараць смелей на прынцыпах кааперацыі сумесныя прадпрыемствы, фінансаваць іх. На нас вы заўсёды можаце разлічваць. Таксама шчыра кажыце тое, што мы павінны зрабіць. Калі мы чагосьці зусім не можам зрабіць, мы вам шчыра пра гэта скажам. Але пакуль такіх пытанняў няма, якія б мы маглі абысці і не ўдзельнічаць у развіцці нашага саюза", – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Улічваючы, што прыезд Бакытжана Сагінтаева супаў з электаральным працэсам у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбары ў мясцовыя саветы і парламент прайшлі спакойна. "Вы ведаеце, што мы пачалі акуратнае абнаўленне палітычнай сістэмы. Мы бачым, што гэта трэба зрабіць. Змяняецца пакаленне палітыкаў. Новыя людзі прыходзяць, моладзь. Таму нам трэба рыхтавацца загадзя эвалюцыйным чынам. У нас пачаўся гэты няпросты працэс", – распавёў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што цяперашнія выбары асабліва важныя, бо парламент і мясцовыя саветы ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй з'яўляюцца асновай фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Гэты орган у Беларусі набыў канстытуцыйны статус.
Крыніца: belta.by