Работа па падрыхтоўцы змяненняў у Канстытуцыю выйшла на фінішную прамую. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Работа па падрыхтоўцы змяненняў у Канстытуцыю выйшла на фінішную прамую. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я мяркую, што сёння можна канстатаваць той факт, што работа па падрыхтоўцы змяненняў у Канстытуцыю выйшла на фінішную прамую. І я гэта асабліва хачу падкрэсліць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне.
Ён нагадаў, што над праектам Асноўнага закона працавалі Канстытуцыйная камісія і спецыяльна створаная рабочая група, у склад якіх увайшлі аўтарытэтныя эксперты, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці і проста разумныя дасведчаныя людзі. "Зроблена нямала", - адзначыў Прэзідэнт.
Працуючы над падрыхтоўкай новага праекта Канстытуцыі, Канстытуцыйная камісія спачатку ўнесла напрацаваныя прапановы, акумулюючы ў тым ліку шматлікія ініцыятывы грамадзян. Гэты варыянт узяла за аснову рабочая група, якая засяродзіла сваю дзейнасць на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў і паспрабавала сфармуляваць тое, што не атрымалася ў Канстытуцыйнай камісіі. "У выніку ўдалося выпрацаваць найважнейшыя канстытуцыйныя нормы, - канстатаваў беларускі лідар. - Закрэплены статус Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж органамі дзяржаўнай улады, гарантавана стабільнасць дзяржаўнага апарату, як здаецца рабочай групе. Сфармуляваны пераходныя палажэнні. Не думаю, што яны канчатковыя, над імі трэба будзе яшчэ папрацаваць, пры тым, можа быць, і кардынальна".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзейнасць рабочай групы не ставіць кропку ў працы над Канстытуцыяй: "Сённяшняе мерапрыемства - чарговае ў распрацоўцы змяненняў, і я б прасіў вас найуважлівейшым чынам падысці да таго праекта, які ёсць сёння, - сказаў ён. - Вам усё роўна давядзецца гэта абдумаць і прыняць канчатковае рашэнне перад прадстаўленнем гэтага праекта Прэзідэнту".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што падчас працы над праектам Канстытуцыі меркаванні камісіі і рабочай групы не ва ўсім супадалі. "Лічу, што гэта абсалютна нармальна, - сказаў ён. - Як казалі старажытныя мысляры, у спрэчках нараджаецца ісціна. І таму прапановы Канстытуцыйнай камісіі атрымалі свой развіццё пасля адпаведнай дапрацоўкі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі разоў сустракаўся з рабочай групай: "Я гэта рабіў таму, што трэба было абмеркаваць адчувальныя пытанні. Бо вынікі нашай працы вызначаць, якой будзе наша краіна ў будучыні".
"Самыя галоўныя змены Асноўнага закона накіраваны на значнае ўмацаванне інстытута народаўладдзя, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Менавіта ў гэтых мэтах і задумвалася канстытуцыйнае замацаванне статусу УНС. Надзяленне яго стратэгічна важнымі для стабільнасці краіны паўнамоцтвамі. Як я не раз казаў, УНС - гэта наша веча. Лічу, што дадзены інстытут народаўладдзя адпавядае векавому нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў".
Па словах Прэзідэнта, у бліжэйшы час падрыхтаваны праект Асноўнага закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу. "Думаю, што членам Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы варта данесці да насельніцтва значэнне прапанаваных дзяржаўных новацый", - сказаў ён.
Па яго словах, праведзеныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 50-60% насельніцтва гатовыя прыйсці на рэферэндум і падтрымаць праект Канстытуцыі. "Але калі мы добра папрацуем, апублікуем праект Канстытуцыі, раскажам людзям пра новацыі, яшчэ раз растлумачым, навошта мы прымаем гэту Канстытуцыю, я ўпэўнены: людзі нас падтрымаюць, як гэта было на пераломе ў сярэдзіне 1990-х", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.
"Таму я б вас папрасіў сустракацца з людзьмі - у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у грамадскіх аб'яднаннях. Трэба актыўна выступаць у сродках масавай інфармацыі, расказваць пра Канстытуцыю. Адным словам, праяўляйце ініцыятыву", - сарыентаваў удзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар.
"На рэферэндум грамадзяне павінны прыйсці з дакладным разуменнем сутнасці ўсіх новаўвядзенняў і неабходнасці іх прыняцця", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Крыніца: belta.by