Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас наведвання Аршанскага мясакансервовага камбіната раскрытыкаваў тэрміны будаўніцтва новага цэха, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Заслухаўшы даклады аб развіцці прадпрыемства і перспектывах работы цэха забою і перапрацоўкі свіней і буйной рагатай жывёлы, які будуецца, Прэзідэнт папрасіў падаць яму яго тэчку. Як аказалася, у ёй знаходзілася поўная інфармацыя аб будаўніцтве гэтага аб'екта. Паводле бягучых планаў, цэх хочуць здаць у лістападзе гэтага года. Хоць першапачаткова яго планавалі ўвесці ў эксплуатацыю да 1 ліпеня. Але з-за шэрагу акалічнасцей – як суб'ектыўных, так і аб'ектыўных – работы завяршыць не ўдалося. "Вы правалілі, – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. – Значыць, знайсці маё рашэнне: там канкрэтна – адказныя, хто пасадамі, хто галавой за што адказвае. За невыкананне даручэння павінны адказаць асабіста".

Што стала прычынай зрыву тэрмінаў, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кожнага з дакладчыкаў. Тут жа было прынята рашэнне прызначыць новага кіраўніка прадпрыемства – ім стане цяперашні выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Максім Бакураў. "Але гэта толькі таму, што не зусім ты вінаваты ў правале гэтай будоўлі", – звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Значыць, раю табе: займіся цэнамі не толькі на будаўніцтва (тут дзяржаўнае прадпрыемства будаўніцтва, але тым не менш), асабліва па прыватных і іншых структурах. Глядзі кожную спецыфікацыю. Бяры любых спецыялістаў, лічы цэны", – абазначыў кіраўнік дзяржавы шэраг задач кіраўніку камбіната.

Губернатару і віцэ-прэм'еру Аляксандру Суббоціну было даручана кантраляваць правядзенне адміністрацыйных працэдур, у тым ліку прыняцце рашэнняў па тэндарах. "Ва спрошчаным варыянце: сёння запрасілі жадаючых – за суткі вырашылі. Каб не цягаліся месяцамі", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Крыніца: belta.by