Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на працяг сумесных з Расіяй праектаў па касмічных палётах. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 19 сакавіка на сустрэчы па відэа-канферэнц-сувязі з удзельнікамі асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка распавёў пра свой намер звярнуцца да расійскага боку з тым, каб у будучыні арганізаваць касмічны палёт усіх трох чалавек, якія рыхтаваліся да цяперашняга старту, - камандзіра Алега Навіцкага, Марыны Васілеўскай і Анастасіі Лянковай, якая выступае ў якасці дублёра. "Хацелася б, каб вы ўтраіх зляталі", - адзначыў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да Алега Навіцкага, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Калі будзеш сябе добра адчуваць (пасля вяртання з МКС - з палёту, запланаванага на 21 сакавіка. - Заўв. БЕЛТА), то буду прасіць расіян, каб утраіх ужо паляцелі - Насця, Марына і ты".