На палітычным полі Беларусі павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях прывядзення асобных законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, палітычныя партыі з'яўляюцца значным інстытутам для беларускага грамадства. Праект закона аб іх дзейнасці раней ужо абмяркоўваўся, разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта, але быў дапрацаваны. "І я хачу пачуць аб галоўных, асноўных новацыях. Што змянілася? Як будзем арыентавацца?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Важнасць пытання аб дзейнасці палітычных партый Прэзідэнт растлумачыў тым, што яно можа выклікаць у грамадстве не толькі дыскусіі, але і процістаянне: "Я гэта ведаю са свайго досведу, ды і ўсе, хто сядзіць тут… Усё гэта мы праходзілі ў нашым грамадстве. Таму ўсё трэба загадзя адрэгуляваць у законе, давесці да людзей, каб гэта не абурала членаў партый і не выклікала турбулентнасць нашага грамадства".
Заканапраект аб партыях павінен адпавядаць беларускім рэаліям, ісці ад жыцця, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Так, мы павінны бачыць, што адбываецца на знешнім контуры, за межамі нашай краіны. Але галоўнае - наша краіна, наш досвед. Мы толькі гэтаму павінны адпавядаць - жыццю нашай Беларусі, нашага грамадства", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.