Беларусь і Расія плануюць падпісаць саюзныя праграмы на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам падчас рабочай паездкі ў Бабруйск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь і Расія плануюць падпісаць саюзныя праграмы на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам падчас рабочай паездкі ў Бабруйск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перш за ўсё хачу падкрэсліць (цяпер жа будуць брэхаць, што здаём суверэнітэт і незалежнасць і гэтак далей): мы больш за тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу - зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўніцтве. Неяк усё замылілі, не было яркіх прарыўных рухаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тады, рэагуючы на патрабаванні народаў, мы з Прэзідэнтам Расіі прынялі рашэнне зрабіць нейкія крокі".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля гэтага ва ўрадах былі выпрацаваны больш за 30 так званых дарожных карт. Яны датычыліся развіцця супрацоўніцтва па розных напрамках. З часам гэтыя дарожныя карты ператварыліся ў саюзныя праграмы і іх засталося 28. "Гэта ўжо будуць падпісаныя дагаворы да выканання. Не проста карты, па якіх нехта ісці будзе", - растлумачыў беларускі лідар.
Падпісаць іх на прэзідэнцкім узроўні плануецца на Вышэйшым дзяржсавеце. Яго пасяджэнне хочуць правесці ў кастрычніку - лістападзе. "Калі мы дамовімся канчаткова з Прэзідэнтам Расіі 9-га (на 9 верасня намечаны перамовы двух лідараў. - Заўвага. БЕЛТА), то 10-11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце", - распавёў Аляксандр Лукашэнка.
Крыніца: belta.by