Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на дабрачынным свяце ў рамках акцыі "Нашы дзеці" прапанаваў увесці ў Беларусі яшчэ адну навагоднюю традыцыю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дарагія сябры! Мае юныя сябры! Я хачу перш за ўсё вас павіншаваць з надыходзячым Новым годам. Святам чараўніцтва, весялосці і падарункаў, якое вы пачынаеце сустракаць раней за ўсіх - як толькі запальваюцца елкі ў дзіцячых садках і школах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што любая краіна заўсёды моцная сваімі традыцыямі: "Калі мы гаворым - краіна суверэнная, незалежная, значыць, павінны быць свае традыцыі. Спрадвечныя, беларускія. У нас гэтых традыцый шмат".
Яшчэ адной такой традыцыяй, адзначыў ён, стаў навагодні баль у Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка нагадаў яго гісторыю: праводзіць гэтае свята напярэдадні Новага года вырашылі некалькі гадоў таму па аналогу вядомага Венскага балю. Першапачаткова аўстрыйцы так і прапаноўвалі: баль у Палацы Незалежнасці павінен стаць Венскім. "Але тады я сказаў: "Чаму Венскі баль? Мы самі правядзем беларускі навагодні баль". І гэта стала традыцыяй", - адзначыў Прэзідэнт.
"Сёння ў нас чарговая традыцыя - навагодняя ёлка з Прэзідэнтам. Будуць і іншыя прэзідэнты, але гэтая традыцыя застанецца. Калі, вядома, вы гэтага захочаце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Скажу вам шчыра: штогод напярэдадні Новага года ўсе мы - арганізатары, удзельнікі святочных мерапрыемстваў - рыхтуемся да сустрэч з вамі, робім гэта загадзя і вельмі-вельмі адказна. Калі хтосьці думае, што перад дзецьмі лёгка выступаць, лёгка для іх арганізоўваць мерапрыемствы, - гэта няпраўда. Спытайце ў сваіх выхавальнікаў, настаўнікаў, якія з вамі знаходзяцца, і яны вам раскажуць, што самае складанае, самае цяжкае - гэта падрыхтавацца да сустрэчы з дзецьмі. Асабліва напярэдадні Новага года".