29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Кітая з'яўляюцца добрым прыкладам выбудоўвання раўнапраўнага, паважлівага і ўзаемавыгаднага дыялогу. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня на сустрэчы з першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР, членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Чжан Гаалі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ваша краіна заўсёды з'яўлялася нашым надзейным партнёрам. Развіццё адносін з Кітаем было і застаецца стратэгічным прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, дынаміка кантактаў і ўзровень дамоўленасцей, дасягнутых у апошні час, сведчаць, што сувязі Беларусі і Кітая пастаянна развіваюцца і мацнеюць.
Аляксандр Лукашэнка назваў надзвычай своечасовым візіт кітайскай дэлегацыі ў Мінск і падкрэсліў унікальнасць магчымасцей для далейшых перспектыў узаемадзеяння.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі раней былі нейкія асцярогі з нагоды інтэнсіфікацыі двухбаковага супрацоўніцтва, паколькі закранаюцца інтарэсы розных бакоў, то цяпер гэтыя асцярогі адышлі на другі план. "І нам, двум дзяржавам, Беларусі і Кітаю, трэба больш хуткімі тэмпамі збліжацца", - перакананы Прэзідэнт. Ён растлумачыў: "Наш інтарэс заключаецца ў тым, што мы будзем мець вельмі магутную апору на такую гіганцкую дзяржаву, як Кітай, без якога сёння не вырашаецца ні адна праблема ў свеце".
"Падтрымка Кітая - гэта фактар незалежнасці нашай дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кітайскага госця. - А калі ўлічыць, што ў нас такая ж падтрымка Расійскай Федэрацыі, то Беларусь, ну, прабачце мяне, становіцца практычна неўспрымальнай".
"Што тычыцца вашага інтарэсу, то я ўжо казаў Сі Цзіньпіну, што далейшае развіццё КНР і пазіцыянаванне яе ў свеце як супердзяржавы немагчыма без супрацоўніцтва з Еўропай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь гатова ўсебакова садзейнічаць актывізацыі кантактаў, у тым ліку гандлёвых, паміж Кітаем і Еўропай. "Беларусь гатова дапамагчы ва ўзмацненні ўплыву Кітая ў Еўропе", - запэўніў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У ходзе сустрэчы асноўная ўвага была нададзена нарошчванню беларуска-кітайскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кітайскі бок за прадастаўленне інвестыцый і сур'ёзную падтрымку Беларусі ў крэдытаванні сумесных праектаў, у тым ліку най найбольш важным з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў прапанову кітайскага госця надаць Парку статус міждзяржаўнага праекта, а таксама прыцягнуць у Парк найбольш буйныя і вядомыя кампаніі не толькі з Беларусі і Кітая, але таксама з Еўропы і іншых кантынентаў свету. "Наша задача - сумесна стварыць высокатэхналагічныя вытворчасці, якія будуць запатрабаваны на еўрапейскай прасторы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што ўжо ў гэтым годзе будуць зроблены сур'ёзныя крокі па стварэнні Парка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь ганарыцца высокім узроўнем адносін, якія склаліся з Кітаем. "Беларусь адчувае плячо і падтрымку Кітая", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запэўніў, што пазіцыя Беларусі ў дачыненні да Кітая застанецца нязменнай. "Развіццё гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з'яўляецца найважнейшым напрамкам нашай сумеснай працы, - сказаў Прэзідэнт. - Рэалізацыяй праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка мы павінны прадэманстраваць высокі ўзровень нашага супрацоўніцтва, паказаць усяму свету, на што мы здольныя".
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на важнасці таго, што ў Беларусі з удзелам кітайскіх кампаній ужо ажыццёўлены шэраг эканамічных праектаў: мадэрнізацыя энергасістэмы і цэментнай галіны, а таксама электрыфікацыя чыгунак. Пры гэтым работы ў энергетыцы, дарожнай галіне, дрэваапрацоўцы і цэлюлозна-папяровай прамысловасці працягваюцца. Рэалізуюцца і іншыя беларуска-кітайскія інвестыцыйныя праекты, сярод якіх Прэзідэнт вылучыў вытворчасць легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі "Джылі".
"У мэтах паспяховай рэалізацыі названых праектаў беларускім бокам прадастаўлены найбольш спрыяльныя і льготныя на еўрапейскай прасторы ўмовы для вядзення бізнесу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У сувязі з гэтым мы разлічваем на вялікую інвестыцыйную актыўнасць кітайскага боку".
"Упэўнены, што да маючага адбыцца візіту ў Рэспубліку Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які мы чакаем у найбліжэйшай будучыні, бакі напоўняць фармат беларуска-кітайскіх адносін канкрэтным зместам. Бо гаворка ідзе аб усебаковым стратэгічным партнёрстве", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.