Беларусь і Кузбас здольныя значна нарасціць таваразварот. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Кемераўскай вобласці - Кузбаса Расійскай Федэрацыі Ілём Сярдзюком, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Кемераўскай вобласці шырока выкарыстоўваецца беларуская тэхніка. Разам з тым таваразварот у апошні час стаў зніжацца. Так, у 2024 годзе Беларусь і Кемераўская вобласць нагандлявалі на $225 млн. Для параўнання: у 2022 годзе таваразварот перавысіў $614 млн.

"Паўмільярда стабільна, я думаю, мы можам мець таваразварот. І ад гэтага адыходзіць не павінны. Я разумею складанасці і цяжкасці, пра якія сёння ўсе гавораць (толькі лянівы не гаворыць): вось у Расіі і стаўкі, і тое, і другое. Вы ведаеце, заўсёды можна на нешта спаслацца, але калі мы паставім перад сабой мэту перасягнуць усё гэта, знівеліраваць, мы гэта можам зрабіць. Калі мы паставім мэтай хаця б у паўмільярда долараў мець таваразварот з Кузбасам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Кемераўскай вобласці, у прыватнасці, запатрабаваныя самазвалы БЕЛАЗ. У пэўным сэнсе Кузбас нават з'яўляецца своеасаблівым выпрабавальным палігонам для беларускай тэхнікі: у гэты рэгіён ідуць самыя перадавыя ўзоры. Беларусь гатова пашыраць пастаўкі пасажырскай, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі.

"Але ёсць праблема, якую нам з вамі трэба вырашыць. Гэта мультыбрэндавыя цэнтры, якія стварылі ў Кузбасе. Там прадстаўлена ўся тэхніка: і МАЗ, і МТЗ, і "Белкамунмаш", і сельскагаспадарчая прычапная тэхніка. Мы гатовы шырэй супрацоўнічаць праз вас з тым рэгіёнам, дзе размешчаны Кузбас. Гэта фактычна палова Сібіры. Густанаселенай Сібіры. Давайце разам падумаем, як гэты цэнтр задзейнічаць такім чынам, каб ён павялічваў свае аб'ёмы. Мы да гэтага гатовыя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь гатова прадаставіць партнёрам і пэўныя прэферэнцыі, напрыклад, прадаваць тэхніку ў лізінг. "Адзінае, нам у гэтым плане патрэбныя гарантыі. Гарантыі - гэта сумленна. Каб мы паставілі па лізінгу - і аплата была. Таму што мы дзясяткі мільёнаў долараў страцілі ў Расіі, калі супрацоўнічалі без гарантый невядома з якімі кампаніямі. Яны развальваліся, сыходзілі, а потым генеральныя пракуроры Расіі і Беларусі (дзякуй пракуратуры Расіі) па ўсёй Расіі шукалі гэтых людзей для таго, каб прыцягнуць да адказнасці. Гэта не справа. Таму нам патрэбныя гарантыі", - заявіў Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Беларусь у тым ці іншым аб'ёме заўсёды пастаўляла гэтыя тавары ў Кемераўскую вобласць.

"Калі вас гэта задавальняе, мы гатовыя з вамі працаваць у галіне насенняводства, племянной жывёлагадоўлі, па іншых напрамках, у тым ліку бульбаводства (у нас цэлы інстытут, і мы нядрэнна працуем па насенні і новых гатунках любых культур). Увогуле, спектр адносін велізарны. Калі толькі мы здольныя падставіць у чымсьці плячо вашаму рэгіёну, мы заўсёды гатовыя гэта зрабіць", - падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

belta.by