Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Андрэя Рыбакова генеральным дырэктарам ААТ "Беларуськалій". Адпаведнае кадравае рашэнне кіраўнік дзяржавы прыняў 4 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага часу Андрэй Рыбакоў займаў пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. На яго месца Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Іллі Ікана, які кіраваў ААТ "Полацк-Шкловалакно".

Перш чым прыняць гэтыя кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, у чым прычына гэтай ратацыі.

"Беларуськалій" - найважнейшае наша прадпрыемства, і патрэбен чалавек з пэўным вопытам, - растлумачыў Дзмітрый Круты. - Фактычна канцэрн "Белнафтахім" - самае падсанкцыйнае міністэрства ў нашай краіне. Дзясяткі прадпрыемстваў канцэрна знаходзяцца пад санкцыямі, у яго ёсць вопыт".

"Ён сам туды пагадзіўся ці вы настойліва з прэм'ер-міністрам яго заштурхоўваеце туды?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Ён сам пагадзіўся туды ісці кіраўніком", - адказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Андрэй Рыбакоў нагадаў, што ўжо два гады па даручэнні кіраўніка дзяржавы курыруе "Беларуськалій". "Гэта сёння адзін з найважнейшых рэсурсаў краіны. За два гады шмат зроблена, але яшчэ трэба шмат зрабіць", - адзначыў ён.

"Але ты разумееш, што нялёгка там будзе? Гэта калектыў велізарны, горадаўтваральнае прадпрыемства. Ды што там казаць горадаўтваральнае - найважнейшае дзяржаваўтваральнае прадпрыемства. Праблем там назапасілася нямала, якія трэба вырашаць. І ты вось з такім спакойным характарам, хоць і з пасады міністра, туды трапіш. Дзе трэба і жорсткія прымаць рашэнні", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Не заўсёды ў мяне спакойны характар. Бывала рознае за гэтыя гады", - заўважыў Андрэй Рыбакоў.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся: у яго было адчуванне, што калі ў кіраўніка ААТ "Беларуськалій" Івана Галаватага будзе заканчвацца кантракт, на яго месца неабходна будзе шукаць новага кіраўніка. Аднак, па словах Прэзідэнта, ён не думаў, што на гэтае месца прапануюць старшыню канцэрна "Белнафтахім".