Стабільная праца беларускай прамысловасці - краевугольны камень эканомікі краіны.
Стабільная праца беларускай прамысловасці - краевугольны камень эканомікі краіны. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па развіцці найважнейшых арганізацый Міністэрства прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўнай тэмай нарады стала сітуацыя, якая склалася на найбуйнейшых прадпрыемствах Мінпрама. "Мы ўдакладнім, чым яны жывуць і, самае галоўнае, якую мы бачым перспектыву на гэтых прадпрыемствах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што некалькі дзён таму прыняў з дакладам першага віцэ-прэм'ера і міністра фінансаў. На сустрэчы з імі быў прааналізаваны стан спраў у крэдытна-фінансавай сістэме, разгледжаны пытанні напаўнення бюджэту. "Усе выдатна разумеюць: чым больш эфектыўная праца прамысловых прадпрыемстваў, тым больш сродкаў паступіць у бюджэт. А значыць, дзяржава зможа прафінансаваць сацыяльныя праграмы ў большым аб'ёме. Мы, прааналізаваўшы бюджэт, не бачым праблем з фінансаваннем асноўных сацыяльных мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку і па заработнай плаце. У сувязі з гэтым стабільная праца прамысловасці, асабліва нашых найбуйнейшых прадпрыемстваў, - краевугольны камень эканомікі краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што цяперашні год прынёс нямала выпрабаванняў: з-за пандэміі каранавіруса закрыліся многія рынкі, практычна спыніўся паўнавартасны рух капіталу і тавараў, асабліва па тых пазіцыях, якія вырабляюцца ў Беларусі. Цяпер да гэтага дадалася і няпростая палітычная абстаноўка ў дзяржаве, якую, па яго словах, спрабуюць разгайдаць як знутры, так і звонку. "Уплыў гэтага ціску на ўнутрыэканамічную сітуацыю адчуваецца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніякай бязвыплатнай дапамогі нам ніхто не акажа. Нам трэба разлічваць на свае сілы і магчымасці".