Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ля школьнай дошкі распавёў вяскоўцам пра стратэгію развіцця вёсак і аграгарадкоў, у тым ліку ў рамках праекта "Вёска будучыні". У такім фармаце прайшла яго сённяшняя сустрэча з мясцовымі жыхарамі ў аграгарадку Ціхінічы Рагачоўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спецыяльна для сустрэчы з Прэзідэнтам на вуліцы аграгарадка былі ўстаноўлены лаўкі для людзей, а для кіраўніка дзяржавы падрыхтавалі мел і дошку, каб ён мог наглядна ўсё расказаць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час працаваў настаўнікам, і цяпер якраз спатрэбіўся гэты вопыт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што каля 15 гадоў таму ў Беларусі падумалі пра тое, што "даўгі вёсцы трэба вяртаць". З таго часу былі рэалізаваны праграмы па адраджэнні сяла, ствараліся аграгарадкі, развіваўся вытворчы сектар, для патрэб сельскай гаспадаркі пачала пастаўляцца больш магутная тэхніка. Адпаведна, узнікла неабходнасць у аб'яднанні і ўкрупненні гаспадарак. З іншага боку - паўстала пытанне, што рабіць з вёскамі, якія раней былі цэнтрамі невялікіх сельгаспрадпрыемстваў. "Прынята рашэнне, што гэтыя ўсе вёскі трэба захаваць", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка ўмоўна абазначыў іх як вёскі другога ўзроўню, а аграгарадкі - першага ўзроўню.
Акрамя таго, ёсць яшчэ і так званыя неперспектыўныя вёскі ці хутары. Прэзідэнт адзначыў, што калі знойдуцца тыя людзі, а такія прыклады ёсць, якія б знайшлі магчымасць захаваць гэтыя населеныя пункты і нешта там зрабіць, то іх будуць падтрымліваць. "Трэцяму ўзроўню - самаму нізкаму - гэтым вёсачкам і хутарам быць, калі знойдуцца людзі, якія вернуцца ў сваю вёску ці проста яе возьмуць. Мы і зямельны ўчастак дамо, і дапаможам. Каб толькі яна жыла", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым задачы захаваць абсалютна ўсе вёскі трэцяга ўзроўню не стаіць, і гэта пры сучасным узроўні развіцця вытворчасці на сяле і не трэба. "Жыццё змянілася. За гэтай вытворчасцю падцягваецца і сацыяльная сфера - з гэтых неперспектыўных вёсак, хутароў у буйныя вёскі, а больш за ўсё - у аграгарадок", - распавёў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта значыць у тым плане, што я сюды прыехаў і мы гаворым пра вёску будучыні, - вось яна тут. Гэта не нейкія патустороннія апавяданні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра наяўнасць у краіне асобных планаў па развіцці пасёлкаў гарадскога тыпу і гарадоў-стотысячнікаў.