Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня падпісаў указ №246 "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах Міністэрства ўнутраных спраў". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У мэтах захавання і развіцця гістарычных традыцый, умацавання аўтарытэту органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, павышэння прэстыжу службы кіраўнік дзяржавы пастанавіў заснаваць эмблему і сцяг Міністэрства ўнутраных спраў. Указам таксама зацверджаны палажэнні аб эмблеме і сцягу МУС, іх апісанні і выявы.

Эмблема Міністэрства ўнутраных спраў уяўляе сабой стылізаваную выяву авальнага шчыта серабрыстага колеру з гарызантальным графленнем і кантам. На шчыце лязом уніз размешчаны меч, у цэнтры эмблемы на чырвоным фоне выяўлены зямны шар, над ім - усходзячае сонца з прамянямі і контуры Беларусі.

Сцяг МУС уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча цёмна-сіняга колеру. У верхняй частцы размешчаны надпіс "СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!" жоўтага колеру, у ніжняй частцы - чырвона-зялёная паласа. У цэнтры сцяга выяўлена эмблема ведамства.

Крыніца: belta.by