Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім карэктуецца заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а таксама падпісаў закон, якім уносяцца змяненні ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведамляе БЕЛТА.

Скарэктаваны закон аб СМІ

Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронена. У прыватнасці, уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі. Таксама не дапускаецца размяшчэнне гіперспасылак на паведамленні і матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена.

Генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей, горада Мінска прадастаўляецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, накіраваныя на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці або якія змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Выпадкі абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і спынення выпуску СМІ дапаўняюцца такой падставай, як прыняцце Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы рашэння аб наяўнасці інфармацыйных паведамленняў, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Устанаўліваецца, што нароўні з рашэннем суда выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем Мінінформа (напрыклад, у выпадку вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, альбо заснавальніку СМІ, альбо ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў).

Прадугледжваюцца меры, накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак. Так, незалежна ад часу стварэння СМІ, іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім або юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, парушаны ўстаноўлены парадак акрэдытацыі, альбо распаўсюджаны звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, альбо здзейснена наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці.