Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №2, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Правілы прыёму дапрацаваны з улікам вынікаў шырокага вывучэння грамадскай думкі і экспертных ацэнак, а таксама апрабацыі асобных норм падчас уступнай кампаніі 2022 года. У цэлым абноўленымі правіламі прыёму захоўваецца замацаваная Кодэксам аб адукацыі сістэма паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Падрабязней з абноўленымі правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
"Правілы накіраваны на павышэнне аб'ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў і забяспечваюць выкананне прынцыпу роўнай магчымасці паступлення ў ВНУ. Імі таксама прадугледжваецца ўдасканаленне адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для атрымання запатрабаваных эканомікай краіны спецыяльнасцей", - адзначылі ў прэс-службе Прэзідэнта.
У прыватнасці, без уступных выпрабаванняў прадугледжваецца залічэнне пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па рэкамендацыі назіральнага савета, выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах пры паступленні ў дадзеныя ўніверсітэты, а таксама асоб, якія здалі адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі (пры паступленні на платную форму навучання).
Па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў пры паступленні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты.
Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступлення на спецыяльнасці для Узброеных Сіл, транспартных войскаў і органаў пагранічнай службы. На названыя спецыяльнасці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).