У Беларусі задаволены вынікамі нядаўняга візіту прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Цяна. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Беларусі Се Сяоюнам, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вельмі сур'ёзную ўвагу ўдзялялі візіту вашага прэм'ер-міністра ў Беларусь - Лі Цяна. Мы задаволены гэтым візітам. Вельмі шмат цяпер працуем ва ўрадзе над пытаннямі развіцця адносін па тых пытаннях і праблемах, якія былі пазначаны падчас візіту прэм'ер-міністра КНР", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што прэм'ер Дзяржаўнага савета КНР вельмі высока ацаніў развіццё парка "Вялікі камень", чаму беларускі бок таксама надае першачарговае значэнне. Пастаянна расце колькасць рэзідэнтаў парка, што сведчыць аб вялікай цікавасці да яго кітайскіх таваравытворцаў і не толькі.
Прэзідэнт таксама падзякаваў кітайскаму боку за аказваемую тэхнічную дапамогу. "Сіламі Кітайскай Народнай Рэспублікі мы завяршаем будаўніцтва двух сацыяльных аб'ектаў, якія будуць спрыяць і ўмацаванню здароўя нашага насельніцтва і будуць іміджавымі. Гэта плавальны басейн і стадыён, які, я вельмі спадзяюся, мы ў асноўным скончым у гэтым годзе", - сказаў ён.