Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у саміце СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у саміце СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У кангрэс-холе дзяржаўнай рэзідэнцыі "Ала-Арча" кіраўніка беларускай дзяржавы сустрэў Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў. Да пачатку саміту Прэзідэнт Беларусі правёў двухбаковую сустрэчу са сваім узбекскім калегам Шаўкатам Мірзіёевым.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД традыцыйна пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. Аляксандр Лукашэнка прадставіць пазіцыю і прапановы Беларусі па найбольш актуальных пытаннях узаемадзеяння ў рамках Садружнасці.

Чакаецца, што лідары краін СНД прымуць шэраг супольных заяў.

На пашырэнне патэнцыялу Садружнасці і павышэнне яго ролі на міжнароднай арэне накіравана пытанне парадку дня аб заснаванні статусаў назіральніка і партнёра СНД.

Запланавана таксама ўнясенне шэрагу змяненняў у прававыя акты СНД, абмеркаванне пытанняў актуальнай праблематыкі па шырокім спектры тэм.

Напярэдадні саміту ў Бішкеку прайшло пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) краін СНД. Ад беларускага боку ў ім прыняў удзел кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік.

СМЗС адобрыў чатыры праекты супольных заяў Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Сярод іх праект Заявы аб прынцыпах міждзяржаўных адносін у шматпалярным свеце. У дакуменце адлюстроўваецца агульны пункт гледжання аб важнасці фарміравання ўстойлівага шматпалярнага сусветпарадку, заяўляецца аб намеры садзейнічаць выбудоўванню бяспечнай архітэктуры міжнародных адносін для вырашэння праблем міжнароднага і рэгіянальнага развіцця, падкрэсліваецца імкненне ператварыць рэгіён Садружнасці ў прастору міру, устойлівага развіцця і супольнага працвітання, пацвярджаецца адкрытасць СНД для шырокага міжнароднага супрацоўніцтва.

На саміце 13 кастрычніка таксама плануецца падпісанне Дагавора аб заснаванні ў СНД Міжнароднай арганізацыі па рускай мове, Пагаднення аб утварэнні Міжнароднага цэнтра ацэнкі рызык легалізацыі (адмывання) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарызму і Пагаднення аб утварэнні Каардынацыйнага савета дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы судова-экспертнай дзейнасці.