Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з работай ААТ "Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынгу "БелОМА", паведамляе БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы даложаць аб фінансава-эканамічным стане холдынгу, распрацоўках і перспектывах развіцця вытворчасці.
Прэзідэнта ў першую чаргу цікавіць экспартна-арыентаваны праект па стварэнні тормазнага прывада аўтамабіляў і пнеўмаапаратаў. Інавацыйныя вырабы павінны задаволіць патрэбы айчыннага і расійскага аўтапрама.
Беларускае аптычна-механічнае аб'яднанне (з 2011 г. - холдынг "БелОМА") - прызнаны лідар аптычна-электроннага прыборабудавання. Гісторыя холдынгу "БелОМА" пачынаецца ў 1957 годзе з заснавання Мінскага механічнага завода імя С.І. Вавілава.
У цяперашні час гэта ўніверсальнае шматпрофільнае аб'яднанне, якое спецыялізуецца на распрацоўцы, канструяванні і вытворчасці лазерных, аптычна-электронных і аптычна-механічных прыбораў і сістэм. Разам з прадукцыяй аптычнага профілю прадпрыемства выпускае кампаненты тормазных сістэм велікагрузных аўтамабіляў, бытавыя прыборы ўліку газу (у тым ліку з тэрмакампенсатарам, імпульсным выхадам, ультрагукавыя, з каналам бесправадной перадачы даных), ІЧ-выпраменьвальнікі (абагравальнікі) для агульнага і лакальнага ацяплення памяшканняў, тавары народнага спажывання (электрасушылкі, электрасокавыціскалкі, электрасокавыціскалкі-таркі) і многае іншае.
Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць паспяхова вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю як для ўнутранага, так і для знешняга рынкаў. Інавацыйная прадукцыя холдынгу "БелОМА" экспартуецца больш чым у 30 краін.
Крыніца: belta.by