Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу ў Мінску з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, які прыбыў у беларускую сталіцу ў развіццё нядаўніх дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Развітваючыся пасля апошніх перамоў з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага. БЕЛТА), мы дамовіліся, што вы са спецыялістамі прыедзеце ў Беларусь, і мы сядзем з вамі, абмяркуем пытанні бяспекі Беларусі. Вы ведаеце, на ВГС я ўжо ўздымаў гэтае пытанне. Але да гэтага мы абмеркавалі гэтае пытанне з Уладзімірам Уладзіміравічам", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што заходнія краіны не выконваюць дамоўленасці аб гарантыях бяспекі, якія даваліся ў рамках Будапештскага мемарандума ў абмен на вывад ядзернай зброі. "Дзесьці пасля 1994-га года, вядомага Будапештскага мемарандума, дзе кляліся ўсе заходнія дзяржавы і Расія прадаставіць поўную бяспеку Казахстану, Украіне і Беларусі. Натуральна, вы ведаеце, што заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дагаворы, пагадненні і заявы, і ніякай бяспекі няма. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расіі санкцыі?! - адзначыў беларускі лідар. - Таму я гэтае пытанне ўзняў у перамовах з Прэзідэнтам Расіі. Ён абсалютна мяне падтрымаў па ўсіх напрамках. І, кажа, нам трэба прарэвізіраваць усе нашы дагаворы і пагадненні - Беларусі і Расіі, - паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць зараз, каб забяспечыць поўную бяспеку Беларусі". 

"Увогуле гэта гучала на перамовах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійскай Федэрацыі абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбны (гарантыі. - Заўвага. БЕЛТА) бяспекі", - заявіў Прэзідэнт.