Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер і генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага і начальніцкага складу. Урачыстая цырымонія па традыцыі адбылася напярэдадні свята 8 Сакавіка ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нават цяжка прыдумаць больш прыдатнае па духу і па сэнсе мерапрыемства для Года міру і стварэння, чым наша сённяшняя супольная цырымонія, - заявіў кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства. - Па добрай традыцыі ў гэтыя першыя вясновыя дні мы ўшаноўваем самых паспяховых жанчын краіны і самых мужных воінаў".
Гаворачы аб тым, чаму ў беларускім грамадстве асаблівай павагай карыстаюцца жанчыны, якія выбралі для сябе нялёгкую сцяжынку мацярынства, Прэзідэнт растлумачыў - гэта вышэйшае прызначэнне і сэнс жыцця, сцвярджэнне непарушных чалавечых каштоўнасцей, аснова ўсяго істотнага на гэтай зямлі. "Бо менавіта на бескарыслівай матчынай любові, вялікіх жаночых сэрцах, іх невычэрпнай энергіі ўсё і трымаецца на нашай планеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Шчыра вітаючы ўсіх жанчын і ў іх асобе - усіх маці краіны, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за матчыны подзвіг.
Прэзідэнт заўважыў, што жанчыны сёння нароўні з мужчынамі паспяхова развіваюць навуку і тэхналогіі, умацоўваюць прамысловы патэнцыял, забяспечваюць харчовую і фінансавую бяспеку краіны, будуюць дамы, ствараюць творы мастацтва, вучаць і лечаць людзей. А яшчэ праслаўляюць Радзіму на самых прэстыжных форумах і вядучых тэатральных сцэнах свету, захоўваюць і прымнажаюць культурную спадчыну Беларусі.
Звяртаючыся да прысутных на цырымоніі мужчын - афіцэраў, генералаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яны таксама з'яўляюцца ўвасабленнем Года міру і стварэння, таму што пад іх надзейнай абаронай нашы суверэнітэт і незалежнасць, або, прасцей кажучы, "наша ціхае і спакойнае жыццё".
"У такія часы, як цяперашнія, людзі пачынаюць разумець сапраўдную цану, здавалася б, простых рэчаў - міру, парадку і спакою", - канстатаваў беларускі лідар.
Узнагароды і новыя пагоны, якія ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі ўдзельнікі цырымоніі, з'яўляюцца, па словах Прэзідэнта, прызнаннем вялікіх асабістых заслуг перад Айчынай, пацвярджэннем узроўню прафесійнай вывучкі і знакам высокага даверу беларускага народа.