У найбліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўручэння генеральскіх пагон і дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сітуацыя няпростая. Вы гэта адчуваеце. Я - тым больш, атрымліваючы шырокую інфармацыю аб сітуацыі вакол нашай краіны. Гэтым абумоўлена і маё найжорсткішае патрабаванне да павышэння бяспекі і абароны нашай Радзімы, - сказаў Прэзідэнт. - Я хачу, каб вы разумелі, што ў найбліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас дастаткова для гэтага сіл і сродкаў. Прашу гэта ўспрымаць як належнае".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што бачыць сітуацыю, якая складваецца падчас ваенных дзеянняў побач з Беларуссю, ведае ўсе недахопы. "Я не хачу, каб гэтыя недахопы былі ўласцівыя нашай арміі. Асаблівае стаўленне і патрабаванне - да афіцэраў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я зямны чалавек, нямала праслужыўшы ў арміі, і разумею: у нас людзі розныя, новае пакаленне - ведаеце, якое яно. І ведаеце добра якасць тых людзей, якія прыходзяць ва Узброеныя Сілы. Так будзе і на вайне. Так ёсць на тым фронце побач з намі. Людзі вельмі розныя, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Але той, хто ўмее, хто фізічна моцны (пра гэта нас папярэджвалі тыя, хто ваяваў ва Украіне), - яны будуць жыць. Той, хто шалтай-балтай, у тым ліку і афіцэры, - яны загінуць у найбліжэйшыя гадзіны. Таму фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, - галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны". 

"Вы павінны асвоіць гэту зброю. І гэта ўсё залежыць ад вас - афіцэраў. Як я сказаў, людзі розныя. Хтосьці будзе добра ўмець валодаць зброяй і фізічна падрыхтаваны. Хтосьці не вельмі. Але калі падрыхтаваны афіцэр - узвод, рота, батальён, дывізія, брыгада заўсёды выканаюць у цэлым пастаўленую перад імі задачу. Разумееце, пра што ідзе гаворка. Таму нам трэба найсур'ёзнейшую ўвагу звярнуць на падрыхтоўку афіцэраў. Адчуваю нутром, што мы не дапрацоўваем менавіта там. Таму дзесьці ў нас, мы гэта бачым у праверцы, косякі сярод тых, каго мы правяраем. Але пра гэта мы яшчэ пагаворым", - дадаў беларускі лідар.

belta.by