Беларусь і Пакістан маюць намер вывесці супрацоўніцтва на яшчэ больш высокі ўзровень. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Аязам Садзікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў замежнага госця, адзначыўшы, што вельмі рады яго прыезду ў горад-герой Мінск у год 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Пакістанам. "Мы сёння хочам, як мы дамовіліся з вашым прэм'ер-міністрам нядаўна (4 ліпеня 2024 года ў Астане на палях саміту ШАС. - Заўв. БЕЛТА), аднавіць, прарэвізіраваўшы, нашы адносіны, вывесці іх на яшчэ больш высокі ўзровень, чым гэта было раней", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым бакі рэалізуюць дамоўленасць аб выпрацоўцы сумеснай дарожнай карты на 2025-2027 гады, дзе, па словах Прэзідэнта, будуць вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Я б вельмі хацеў, каб парламентарыі нашых краін былі ўцягнуты ў стварэнне гэтага плана адносін Беларусі і Пакістана. Ствараючы гэту дарожную карту, нам давядзецца ажыццявіць рэвізію нарматыўна-прававых актаў, пагадненняў, мемарандумаў, дагавораў, падпісаных паміж дзвюма краінамі. У гэтай частцы дэпутаты маглі б спрыяць больш якаснай распрацоўцы дарожнай карты", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён таксама выказаў зацікаўленасць у тым, каб дэпутаты абедзвюх краін далучыліся да працы гандлёва-эканамічнай камісіі і надавалі дадатковы імпульс яе дзейнасці. "Гэта было б добрым падспор'ем у працы гандлёва-эканамічнай камісіі", - сказаў беларускі лідар.