Лукомльская ГРЭС будзе мадэрнізавана
Найбуйнейшую ГРЭС краіны пасля запуску Беларускай АЭС планавалі аптымізаваць і перавесці ў рэзервовы рэжым, каб тут маглі запаўняць выпрацоўку электраэнергіі падчас планавых рамонтных работ на атамнай электрастанцыі. "Нягледзячы на тое, што на БелАЭС падключаны адзін энергаблок, а другі плануюць уключыць у 2023 годзе, Лукомльская ГРЭС усё яшчэ застаецца флагманам энергетыкі Беларусі. Гэта самы вялікі філіял, які ўваходзіць у сістэму РУП "Віцебскэнерго", тут працуюць каля 1,6 тыс. чалавек. Гэта магутная электрастанцыя, якая забяспечвае 30-35% ад усёй электраэнергіі краіны. І мы, і кіраўніцтва Мінэнерга лічым, што ГРЭС павінна развівацца і далей, на станцыі будзем праводзіць планамерную мадэрнізацыю. Тут калектыў прафесійны, ні ў якім разе яго губляць нельга. Блокі ўсе будуць працаваць. Я бачу толькі перспектывы гэтай станцыі", - падкрэсліў Андрэй Панчанка.
"Наша станцыя з'яўляецца замыкаючай. Што гэта значыць? Калі на АЭС праходзіць планава-папераджальны рамонт, у тым ліку парагазавых установак, або праводзіцца інспекцыя з прыцягненнем замежных спецыялістаў, то Лукомльская ГРЭС падключае сваё абсталяванне на выпрацоўку той электраэнергіі, якая выпрацоўвалася раней на абсталяванні Беларускай АЭС, што рамантуецца. На дадзены момант мы займаемся будаўніцтвам пікава-рэзервовай крыніцы, гэта рэжымна-інтэграцыйнае мерапрыемства пасля ўводу Беларускай АЭС, якое праходзіць не толькі ў нас, але і на трох іншых буйных пляцоўках - у Бярозе, Мінску, Наваполацку", - падзяліўся выканаючы абавязкі дырэктара Лукомльскай ГРЭС Кірыл Мацарскі.
Наведвальнік Лукомльскай ГРЭС, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, адзначыў, што электрастанцыя яго ўразіла. Ён азнаёміўся з яе працай, распытаў пра перспектывы і сустрэўся з калектывам прадпрыемства. "Мэта майго прыезду сюды - азнаёміцца ў тым ліку з Чашніцкім раёнам. Мы збіраемся тут правесці абласныя "Дажынкі" ў 2025 годзе і зрабіць іх незвычайна, на два горады - Чашнікі і Навалукомаль. Таксама хочам паглядзець, куды мы далей будзем развівацца, выпрацаваць адзіныя падыходы і шляхі, як тут прыбавіць, у чым можна прырасці. У энергетычнай сістэме ўсёй Беларусі Лукомльская ГРЭС з'яўляецца важным складнікам. Я тут упершыню, уражанні ад аб'екта моцныя. Тэхналогіі тут і савецкія, дастаткова магутныя, і сучасныя - з газатурбіннымі ўстаноўкамі, дзе ККД большы. Я думаю, тут можна развіваць і прамысловы турызм", - адзначыў кіраўнік вобласці.
На сустрэчы з калектывам ГРЭС Аляксандр Субоцін абмеркаваў важныя пытанні, якія хвалявалі мясцовых энергетыкаў, расказаў пра планы на Чашніцкі раён і абазначыў асноўныя напрамкі развіцця вобласці ў цэлым.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by