Праект "Магдэбургскі Віцебск" адзначыць 420-годдзе даравання гораду права на самакіраванне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праекта Уладзімір Булаўскі.

Запланавана цэлая серыя мерапрыемстваў, прымеркаваных да знакавай даты, а стартуюць яны 17 сакавіка. "Мы прэзентуем праект у гарадской Ратушы - сімвале Магдэбургскага права. Падчас сустрэчы я азнаёмлю прысутных з планамі нашай ініцыятывы. Гэта як мінімум 9 розных падзей, пачынаючы ад конкурсу дзіцячага малюнка і заканчваючы распрацоўкай праекта ўстаноўкі памятнага знака і заснаваннем штогадовай прэміі. Таксама госці прэзентацыі ўпершыню ўбачаць выстаўленыя копіі "Прывілея 1597 года" і "Чарцежу месца Віцебск 1664 года" з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея", - адзначыў Уладзімір Булаўскі.

Праект "Магдэбургскі Віцебск" бярэ пачатак у 2016 годзе, калі па ініцыятыве ўстановы "Віцебск для мяне" (Vitebsk4me) і народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі "Варгенторн" быў арганізаваны цыкл мерапрыемстваў да 419-годдзя прысваення Віцебску сярэднявечнага права на самакіраванне. Адкрытыя лекцыі і бясплатныя экскурсіі, прэзентацыя міжклубнага праекта "Віцебская харугва" і сярэднявечная дыскатэка ад гурта "Стары Ольса" - усё гэта прыцягнула шырокую ўвагу грамадскасці, падштурхнуўшы арганізатараў на працяг. "Мы імкнемся пашыраць веды мясцовых жыхароў пра значнасць гэтай падзеі, папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну горада і рэалізоўваць ініцыятывы ў сферы гарадской культуры і адукацыі", - растлумачыў Уладзімір Булаўскі.

Арганізацыяй мерапрыемстваў займаецца ўстанова "Віцебск для мяне", у рэалізацыі першай ініцыятывы таксама ўдзельнічае Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дараваў Магдэбургскае права гораду на Дзвіне 17 сакавіка 1597 года. Разам з гэтым Віцебску былі дадзены герб, пячатка і харугва, быў створаны орган гарадскога самакіравання - магістрат і была пабудавана Ратуша. Атрыманне права на самакіраванне спрыяла эканамічнаму, сацыяльнаму, палітычнаму і культурнаму ўмацаванню і развіццю горада.