Прамысловасць у значнай ступені з’яўляецца вызначальным сектарам развіцця эканомікі Лепельшчыны. Эфектыўная работа патрабуе правядзення сучаснай і перспектыўнай прамысловай палітыкі, накіраванай на актывізацыю інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, мадэрнізацыю абсталявання, укараненне новых і найноўшых тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтаздольнасці на аснове пераходу на інавацыйны шлях развіцця.

Вядома, ключавым стымулам для мадэрнізацыі з’яўляецца канкурэнцыя. Значнае зніжэнне ўзроўню выдаткаў забяспечыла КУВП «Бароўка» — мінус 19,7 працэнта. На прадпрыемстве праведзены мерапрыемствы па замене помпавага абсталявання на больш эфектыўнае, укараненні частотнарэгулюемых электрапрывадаў, энерга­эфектыўных свяцільняў. Прадоўжана выкананне этапаў рэалізацыі каляндарнага плана інавацыйнага праекта «Укараненне інавацыйнай прадукцыі па выпуску экспартна-арыентаванай прадукцыі». У выніку атрыманы чысты прыбытак у суме звыш 720 тыс. рублёў, рэнтабельнасць продажаў склала 15,5 працэнта.

Ідзе ў нагу з часам і філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». У прыватнасці, сёлета набыты комплекс будынкаў (былая нафтабаза), размешчаных па вуліцы Барысаўскі тракт, распачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы алейных культур, атрыманні жмыху соевага, сланечнікавага, рапсавага, а таксама алею гэтых культур на колішніх невыкарыстоўваемых аб’ектах камунальнай уласнасці раёна (былы ваенны гарадок № 1 «Лепель»)».

Упэўнена асвойвае новую, запатрабаваную спажыўцамі прадукцыю філіял «Лепельскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам». Пашыраны і абноўлены асартымент. Асвоена тры найменні хлебабулачных вырабаў: батон «Сдобный», пляцёнка «Катенька», хлеб белы «Апетытны», печыва «Дачнае» з павідлам, слодыч мучная «Пальчыкі абліжаш» са святочным упрыгожваннем да 9 Мая, пірожнае «Бульба», слодыч мучная «Мядовы ласунак» з курагой, слодыч мучная «Пясочная палоска», пірожнае «Эліта». Вядома, лепельскія хлебапёкі не замарудзілі зрабіць і яшчэ адзін новы крок насустрач спажыўцам. Дадаткова асвоена расфасоўка печыва і пернікаў у пакеты па 0,3 кілаграма, 0,5 і 1,0 кілаграм. За першае паўгоддзе пастаўлена прадукцыі толькі на рынкі горада Мінска ў аб’ёме 74 тон — на трыццаць больш за леташні адпаведны перыяд.