22 лютага, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі будуць створаны да 2012 года. Такое меркаванне выказаў журналістам міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян. Сёння ў Гродне ён сустрэўся з працоўным калектывам ААТ "Гронітэкс", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах міністра, плануецца, што да гэтага часу ў поўнай меры пачнуць працаваць усе заканадаўчыя акты, неабходныя для бізнесу ў Беларусі. Галоўным жа дакументам, які аптымізуе дзейнасць усяго прадпрымальніцтва, з'яўляецца Дырэктыва №4. "У межах гэтага праграмнага дакумента будзе адпрацавана некалькі дзясяткаў канкрэтных актаў, - падкрэсліў Уладзімір Палуян. - Яны дазволяць адрэгуляваць усе праблемы, звязаныя з цэнаўтварэннем, бухгалтарскім улікам і іншымі пытаннямі, якія непасрэдна датычацца ў тым ліку вылічэння падаткаў прадпрымальнікамі". Міністр падкрэсліў несумненную карысць сустрэч чыноўнікаў з насельніцтвам, работнікамі прадпрыемстваў. "Падчас такіх выездаў абмяркоўваюцца розныя пытанні, становіцца вядома, што канкрэтна хвалюе людзей. Усё гэта мы бяром на аловак, улічваючы меркаванне людзей пры далейшай працы", - адзначыў Уладзімір Палуян. У ААТ "Гронітэкс" падобная сустрэча адбылася ўпершыню. Пытанні людзей датычыліся ў першую чаргу далейшага лёсу прадпрыемства, да якога ў найбліжэйшай будучыні будзе далучана мясцовае РУПП "Гроднатэкстыль", канкрэтных падатковых ільгот для прадпрыемства ў сувязі з рэарганізацыяй, далейшага ўдасканалення падатковай базы і іншых тэм. Работнікі прадпрыемства мелі магчымасць пасля агульнай сустрэчы задаць міністру і асабістыя пытанні. Усяго на сустрэчу з кіраўніком ведамства прыйшлі каля 50 супрацоўнікаў "Гронітэкса".-0-

БЕЛТА