23 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Манхэттэнскі фестываль кароткаметражнага кіно ўпершыню прыходзіць у Віцебск. З 25 верасня па 2 кастрычніка ў абласным цэнтры адбудуцца конкурсныя паказы найбуйнейшага гледацкага фестывалю ў свеце, які ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінэса, распавёў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела рэпертуарнага планавання унітарнага прадпрыемства "Кінавідэапракат" Дзмітрый Гусакоў. Фестываль The Manhattan Short Film Festival праводзіцца ў 14-ы раз. У 2011 годзе ён аб'яднае гледачоў з 48 краін і больш за 200 гарадоў, якія і выберуць найлепшы фільм. Кожны ўдзельнік прагляду, у якой бы краіне свету ён ні знаходзіўся, прыйшоўшы ў кіназалу, атрымае картку для галасавання. Пасля заканчэння прагляду двухгадзіннай конкурснай праграмы гледач павінен будзе адзначыць на ёй назву фільма, які спадабаўся яму. Як распавёў Дзмітрый Гусакоў, вынікі галасавання віцебскіх гледачоў будуць перададзены ў Нью-Ёрк на Манхэттэн, дзе 2 кастрычніка ў 22 гадзіны па мясцовым часе будзе названы ўладальнік Гран-пры. У сёлетнім конкурсе ўдзельнічаюць 10 стужак рэжысёраў са Швецыі, ЗША, Егіпта, Канады, Венгрыі, Перу, Аўстрыі, Аўстраліі, Швейцарыі. У праграме кінапаказу – камедыі, драмы, трэш-мюзікл. Беларусь трэці раз прымае The Manhattan Short Film Festival, аднак сёлета ўпершыню членамі журы могуць стаць гледачы ў Віцебску і Гродне. Раней фестываль праходзіў толькі ў Мінску.-0-

БЕЛТА