Марафон пад дэвізам "Донарства крыві мае значэнне!" стартуе ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі 24 верасня і працягнецца да 14 чэрвеня 2020 года - Сусветнага дня донара крыві, паведаміў БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, каардынатар сацыяльнага праекта "У Беларусі - добрае сэрца!" Уладзімір Сарокін.
Паўдзельнічаць у марафоне могуць усе ахвотныя: не толькі студэнты вышэйшых навучальных устаноў, валанцёры са студэнцкіх каманд, але і работнікі прадпрыемстваў і прыватных кампаній. Для апошніх, як адзначыў Уладзімір Сарокін, гэта магчымасць правесці цікавае мерапрыемства па прынцыпах карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, зрабіўшы значны учынак для выратавання чыіхсьці жыццяў.
Адкрыюць марафон курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.
Маштабны марафон пройдзе ў працяг рэспубліканскага сацыяльнага праекта па прапагандзе і развіцці бязвыплатнага донарства крыві сярод моладзі "У Беларусі - добрае сэрца!". Ён накіраваны на павышэнне матывацыі моладзі да ўдзелу ў донарскім руху, фарміраванне культуры донарства крыві і прылучэнне да здаровага ладу жыцця. У 2016 годзе ў краіне было 22196 бязвыплатных кроваздач. У 2017-м, калі стартаваў праект, іх стала 47096, а па выніках 2018 года - 53691.
"На сённяшні дзень большую частку захворванняў, у тым ліку анкалагічных, можна вылечыць. Але для гэтага патрэбна донарская кроў. Стаўшы донарам крыві, можна выратаваць не адно жыццё, пры гэтым атрымаць зарад пазітыўнай энергіі і праверыць стан уласнага здароўя", - сказаў Уладзімір Сарокін.
Арганізатары марафону - Галоўнае ўпраўленне выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.-0-