29 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Марафон інвалідаў-калясачнікаў пройдзе сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Акцябрскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Удзельнікамі дабрачыннай акцыі стануць 30 інвалідаў-калясачнікаў і 60 валанцёраў з ліку студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, акадэміі ветэрынарнай медыцыны і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў горада. Мерапрыемства стартуе на плошчы Перамогі з ускладання кветак і вянкоў да Вечнага агню. Затым удзельнікі, падзяліўшыся на дзве групы, праедуць па вуліцы Леніна да Свята-Успенскага сабора і здзейсняць водную вандроўку па Заходняй Дзвіне на цеплаходзе "Віцебск" да парку імя Савецкай Арміі і назад.
Марафон праводзіцца згодна з мясцовай маладзёжнай ініцыятывай "За незалежны лад жыцця" з мэтай аказання маральнай падтрымкі людзям з інваліднасцю, прыцягнення іх да актыўнага ладу жыцця, заняткаў фізічнай культурай, развіцця актыўнай рэабілітацыі і асістыўных тэхналогій, абмену вопытам у інтэграцыі і рэабілітацыі калясачнікаў.
Арганізатары ўпэўнены, што акцыя зверне ўвагу гараджан і мясцовых органаў улады на неабходнасць далейшага развіцця безбар'ернага асяроддзя ў абласным цэнтры, а таксама будзе спрыяць прыцягненню моладзі ў валанцёрскі рух.
Мерапрыемства праводзіцца падчас штогадовага рэспубліканскага месячніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У Віцебскай вобласці план яго правядзення вельмі насычаны. Так, 8 мая ў вышэйшых навучальных установах горада прайшла маладзёжная акцыя "З днём нараджэння, Чырвоны Крыж!". 12 мая навучэнцы з Глыбокага прынялі ўдзел у Даўгаўпілсе ў спаборніцтвах па аказанні першай меддапамогі сярод школьнікаў старэйшых класаў Беларусі, Літвы і Латвіі. На мінулым тыдні для абмену вопытам работы па праграме "Гуманітарная дапамога лячэбным установам Віцебскай вобласці" Віцебск наведала дэлегацыя Нямецкага Чырвонага Крыжа з горада Зіке, члены якой прывезлі з сабой гуманітарны груз для медустаноў вобласці. Акрамя марафону інвалідаў-калясачнікаў у бліжэйшы час у рэгіёне пройдуць акцыі, прымеркаваныя да Сусветнага дня без тытуню і Міжнароднага Дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. Таксама паўсюдна ў раённых арганізацыях праводзяцца круглыя сталы, семінары для валанцёраў па распаўсюджванні ведаў аб Міжнародным руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, яго асноватворных прынцыпах і асновах гуманітарнага права.-0-
БЕЛТА
Марафон інвалідаў-калясачнікаў пройдзе ў Віцебску
29.5.20120 праглядаў