20 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першая вясновая навальніца прагрымела напярэдадні ўвечары ў Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер-сіноптык Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Барадзёнак.
Як і належыць, навальніца прайшла з дажджом, громам і моцнымі парывамі ветру, якія дасягалі 22 м/с, а перадумовамі для яе фарміравання стала сутыкненне дзвюх неаднародных па тэмпературы паветраных мас - вельмі цёплай і вельмі халоднай. Ацаніць гэта рэдкую прыродную з'яву змаглі толькі жыхары абласнога цэнтра, дадала Людміла Барадзёнак, адзначыўшы, што сакавіцкія навальніцы фіксуюцца сіноптыкамі раз у дзесяць гадоў.
У бліжэйшыя дні ветраное надвор'е ў рэгіёне захаваецца: 20 сакавіка парывы ветру будуць дасягаць 15-20 м/с, 21 сакавіка - да 14 м/с. У наступныя дні вецер аслабне. Начная тэмпература паветра будзе характарызавацца слабым марозам, дзённая - плюсавымі значэннямі. Па-сапраўднаму вясновы характар надвор'я, звязаны з праходжаннем паўднёвага антыцыклону, усталюецца з 22 сакавіка.
Моцны вецер стаў прычынай парушэння электразабеспячэння ў 103 населеных пунктах у 13 раёнах Віцебскай вобласці, а таксама частковага абрушэння прыватнага жылога дома ў Верхнядзвінскім раёне. Наступствы стыхіі ў цяперашні час устраняюцца.-0-
БЕЛТА
Сакавіцкая навальніца прагрымела ў Віцебску
20.3.20120 праглядаў