16 ліпеня, Рэчыцкі раён /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Масавая ўборка збожжавых у Беларусі павінна пачацца 20 ліпеня. Такі загад даў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы з рабочай паездкай Гомельскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "4 дні - на разварушванне, а з 20 чысла павінна пачацца масавая ўборка хлебаў у краіне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што з-за таго, што істотная доля хлебаў на палях палягла, уборка сёлета будзе дастаткова цяжкай. "Уключацца трэба ўсім", - запатрабаваў беларускі лідар. "Сёлета патрабаванні да ўборкі будуць найжорсткія. І не толькі таму, што будзе цяжкая ўборка, але таму, што сёння ў свеце не хапае хлеба. Расія высахла, у Казахстане засуха, Еўропу - заліло", - растлумачыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, ужо сёння паступаюць велізарныя замовы на закупку збожжа. "Будзе велізарны кошт. Вазьміце пад кантроль цэнавы фактар", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Наведваючы Рэчыцкі раён, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэтазгодна павысіць зарплату сельгасработнікам удвая, каб прадухіліць адток спецыялістаў. Беларускі лідар зноў запатрабаваў, каб старанна выконваліся яго ўказанні па заворванні саломы. "Нам патрэбна ўгнаенне. Трэба рабіць, як робяць у Еўропе. 5 гадоў мы папрацуем у такім рэжыме і адновім гумус глебы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. -0-

БЕЛТА