18 жніўня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Масавая ўборка збожжавых завяршылася ў Беларусі - скасілі 96,1% уборачнай плошчы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзімір Гракун. "Асноўная маса збожжавых і зерневых бабовых ужо сабрана, пачалі прыбіраць культуры позняга паспявання - грэчку і проса", - сказаў спецыяліст. Ён дадаў, што ва ўсіх абласцях рэспублікі ўжо пачалася ўборка кукурузы на сілас, а ў Гомельскай - і на збожжа. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых збожжавых і рапсу. З верасня плануецца пачаць уборку цукровых буракоў і бульбы. Аномальная спёка гэтага лета адмоўна паўплывала на збожжавыя. "Ішло занадта хуткае паспяванне: вільготнасць збожжа губляла па 6-8% штодня, з чым і звязаны недабор збожжа", - сказаў Уладзімір Гракун. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы ў канцы чэрвеня заяўляў аб прагназуемым валавым зборы збожжа з улікам кукурузы ў 9 млн.т. На мінулым тыдні міністр далажыў кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, што ўраджай збожжавых у рэспубліцы з улікам кукурузы ў 2010 годзе складзе прыкладна 8 млн.т, без кукурузы - каля 7 млн.т. Па дадзеных на 18 жніўня, збожжавыя і зерневыя бабовыя культуры скасілі на 2240,5 тыс.га. У Гомельскай вобласці ўбрана 99,8%, Магілёўскай - 98,8%, Брэсцкай - 96,8%, Мінскай - 95,2%, Гродзенскай - 94,6%, Віцебскай - 93,5%. У сельгасарганізацыях рэспублікі ўжо намалочана 6637,7 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 29,7 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у Гродзенскай вобласці - 40,5 ц/га. Усяго з улікам фермерскіх гаспадарак і прысядзібных участкаў насельніцтва намалочана 6975,7 тыс.т збожжа. У кошт дзяржзаказу на сёння паступіла 925,8 тыс.т збожжа, або 93,5% ад запланаванага.-0-

БЕЛТА