1 кастрычніка, Мінск /Святлана Васілеўская – БЕЛТА/. У Беларусі пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Шмялёва.



"У сувязі з тым, што, па прагнозах САЗ, цыркулюючыя варыянты вірусаў грыпу сёлета будуць адрознівацца ад папярэдняга сезона, медыкі рэкамендуюць абавязкова правесці прафілактычныя прышчэпкі", – сказала Наталля Шмялёва.

У цяперашнім эпідсезоне ўсплёск захворвання чакаецца ў характэрныя для рэспублікі тэрміны – у канцы студзеня-пачатку лютага. А паколькі імунітэт супраць грыпу выпрацоўваецца на працягу прыкладна трох тыдняў і захоўваецца каля паўгода, то аптымальным перыядам для вакцынацыі з'яўляюцца кастрычнік-лістапад.

Вакцынацыя супраць грыпу за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў будзе праводзіцца вакцынай "Флюваксин". Гэтая вакцына выкарыстоўваецца ў краіне ўжо на працягу чатырох гадоў і даказала сваю эфектыўнасць і бяспеку. Прышчэпку супраць захворвання на платнай аснове можна зрабіць і іншымі вакцынамі, дазволенымі да прымянення ў Беларусі, у тым ліку "Інфлювак" (Нідэрланды), "Ваксігрып" (Францыя), "Ультравак" (Расія), "Грыпол", "Грыпол плюс" (Расія). "Кожная партыя вакцыны ад грыпу ў нас праходзіць праверку на адпаведнасць патрабаванням якасці і бяспекі", – адзначыла спецыяліст.

Усяго ад грыпу плануецца прышчапіць сёлета больш за 3,5 млн беларусаў. Бясплатна прэпарат атрымаюць людзі з высокай рызыкай неспрыяльных наступстваў захворвання грыпам (дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунасупрэсіяй, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя), а таксама тыя, хто адносіцца да групы высокай рызыкі заражэння грыпам (медыцынскія работнікі дзяржаўных амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый, асобы з устаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання дзяцей і дарослых (дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 да 18 гадоў і дарослыя), работнікі службаў па забеспячэнні жыццядзейнасці і бяспекі дзяржавы).

Аб эфектыўнасці вакцынацыі сведчаць факты. Летась, калі ў Беларусі было прышчэплена 37% насельніцтва, захворванне не насіла эпідэмічны характар і было ніжэй за ўзровень апошніх трох гадоў. На працягу ўсяго эпідэмічнага сезона школы функцыянавалі ў звычайным рэжыме, адукацыйны працэс не прыпыняўся ні ў адной навучальнай установе.