Майстар-клас артыстаў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкага аркестра прайшоў у рамках «Марафону адзінства» ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. Салярцінскага.
Ахвотных паслухаць ігру музыкантаў і пачуць іх прафесійныя парады было больш, чым змяшчала актавая зала. Перад навучэнцамі і педагогамі выступілі лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік Гранд-прэміі і звання лаўрэата Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі піяніст Аляксандр Данілаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят Прэзідэнцкага фонду віяланчэлістка Марыя Махвіц, уладальнік медаля Францыска Скарыны гітарыст Сяргей Кунцэвіч і іншыя.
Прысутныя на сустрэчы горача падтрымалі свайго таленавітага выканаўцу – навучэнца трэцяга курса Мікіту Вершалоўскага, які стаў лаўрэатам прэстыжных конкурсаў, які выйшаў на сцэну разам з артыстамі аркестра. Хвалебныя словы ён пачуў і ад віртуознага піяніста Аляксандра Данілава.
Дарэчы, у складзе Прэзідэнцкага аркестра ёсць выпускнік Віцебскага музычнага каледжа – ударнік Юрый Шаблоўскі. Магчыма, у будучыні калектыў папоўніцца і іншымі выхаванцамі з горада на Дзвіне.
– Мы шчаслівыя, што ў рамках «Марафону адзінства» маем магчымасць пабываць у розных кутках Беларусі. У Віцебску мы даём два майстар-класы, а таксама выступаем на адным з прадпрыемстваў горада. Музыка па-сапраўднаму аб’ядноўвае людзей, – адзначыў дырыжор Алег Чахоўскі.