24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Майстар-клас для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца "Лявоніха" дадуць сёння латвійскія танцоры. З харэаграфічных урокаў пачынаецца практычная частка рэалізацыі сумеснай беларуска-латвійскай праекта "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё" па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія - Літва - Беларусь, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры культуры "Віцебск". Навучаць удзельнікаў беларускага калектыву новым танцавальным пастаноўкам будзе харэограф з Латвіі Сармітэ Тэйване і фальклорная група песні і танца "Сватра". Фальклорная група не раз прымала ўдзел у розных міжнародных фальклорных фестывалях і канцэртах у Аўстрыі, Беларусі, Іспаніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Харватыі. Калектыў з'яўляецца лаўрэатам Міжнароднага фестывалю танца "Судмаліняс" (Латвія), удзельнікам Міжнародных фальклорных фестываляў "Pulka eimu, pulka teku" і "Балтыка". Праект "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё", удзельнікамі якога з'яўляюцца Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса і Цэнтр культуры "Віцебск", прадугледжвае правядзенне сумесных культурных мерапрыемстваў: святкаванне традыцыйных нацыянальных святаў Івана Купалы і Ліго; арганізацыю канцэртаў; рэалізацыю праграм па культурным абмене; забеспячэнне заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца "Лявоніха" Цэнтра культуры "Віцебск" беларускімі музычнымі інструментамі, сцэнічнымі касцюмамі і аксэсуарамі; навучанне ўдзельнікаў калектыву новым танцавальным пастаноўкам харэографам з Латвіі; рэканструкцыю летняй сцэны комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі - філіяла Цэнтра культуры "Віцебск". Усё гэта будзе спрыяць рэалізацыі асноўнай мэты праекта: з'явіцца магчымасць на больш высокім тэхнічным узроўні праводзіць розныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя, накіраваныя на папулярызацыю нацыянальных культур, звычаяў і традыцый.