11 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Майстар-клас па пляценні купальскіх вянкоў пройдзе на старажытнае свята Івана Купалы, якое ўпершыню шырока будуць адзначаць у Віцебску. Адраджэнне старадаўніх абрадаў з'яўляецца адной з мэт сумеснай праекта "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё", які ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь рэалізуюць Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса і цэнтр культуры "Віцебск". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА расказала каардынатар праекта Вікторыя Шпак. Правядзенне народнага свята Івана Купалы ў Віцебску 7 ліпеня - адно з мерапрыемстваў гэтага праекта, сцэнарны план якога распрацавалі віцебскія і даўгаўпілскія менеджэры па культуры. У аснову пакладзены асаблівасці святкавання Івана Купалы (або Янава дня, згодна з латышскімі традыцыямі) у Беларусі і Латвіі. Акрамя майстар-класа па пляценні вянкоў свята падорыць сустрэчу з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем танца "Лявоніха" Цэнтра культуры "Віцебск", фальклорнай групай песні і танца "Сватра", дзіцячай вакальнай студыяй "Жамчужынка" з Цэнтра латышскай культуры Даўгаўпілса. Праектам "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё" прадугледжваецца правядзенне сумесных культурных мерапрыемстваў: святкаванне традыцыйных нацыянальных святаў Івана Купалы і Ліго пры ўдзеле беларускіх і латышскіх творчых калектываў з выкарыстаннем гістарычных і фальклорных тэм, накіраваных на захаванне і папулярызацыю фальклорных традыцый і звычаяў у памежных рэгіёнах, арганізацыя канцэртаў, рэалізацыя праграм па культурным абмене, забеспячэнне калектыва "Лявоніха" беларускімі музычнымі інструментамі, сцэнічнымі касцюмамі і аксэсуарамі, навучанне ўдзельнікаў калектыва новым танцавальным пастаноўкам харэографам з Латвіі, рэканструкцыя летняй сцэны комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі - філіяла Цэнтра культуры "Віцебск". Усё гэта будзе спрыяць рэалізацыі асноўнай мэты праекта: з'явіцца магчымасць на больш высокім тэхнічным узроўні праводзіць розныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя, накіраваныя на папулярызацыю нацыянальных культур, звычаяў і традыцый.