16 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Майстры мастацтваў Украіны сёння ў цэнтры ўвагі на "Славянскім базары ў Віцебску": 16 ліпеня на форуме пройдзе Дзень культуры Украіны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю. Аб перспектывах развіцця мастацтва гэтай краіны, планах на дзень украінскіх артыстаў стане вядома на прэс-канферэнцыі, якая пройдзе ў Міжнародным прэс-цэнтры з удзелам майстроў мастацтваў Украіны. Нямала цікавага прагучыць і на "Зорным часе" - традыцыйнай для фестывалю прэс-канферэнцыі са знакамітасцямі. Адразу дзве стужкі ўключае фестывальная кінапраграма 16 ліпеня: у 15.00 увазе ўдзельнікаў і гасцей "Славянскага базару" рэжысёр Андрэй Сiлкiн прадставіць фільм "Здзелка" (Расія) аб тонкай мяжы паміж дабром і злом, а ў 18.00 адбудзецца прэзентацыя карціны "Гарачае сэрца" (Літва), якую правядуць прадзюсар стужкі Жыльвінас Наўёкас, рэжысёр Данатас Ульвідас і акцёр Мантас Янкавічус. Фільм апавядае аб 1861 годзе, калі Літва знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. Палітычныя інтрыгі вакол адмены прыгоннага права нечакана перарастаюць у сялянскі бунт у аддаленай літоўскай вёсцы. Прыгонны Тадас Блінда, сам таго не жадаючы, аказваецца ў цэнтры падзей, узначаліўшы атрад бунтароў. Разам з тым Тадас улюбляецца ў дачку багатага землеўладальніка. Галоўнаму герою давядзецца зрабіць няпросты выбар паміж барацьбой з прыгнятальным рэжымам і любоўю. У Віцебскай абласной філармоніі, нягледзячы на ўжо падлічаныя балы канкурсантаў, вырашыцца лёс Гран-пры прэстыжнага Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012", а ў канцэртнай зале "Віцебск" закруціцца "малая інтрыга" "Славянскага базару" - Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2012". Усяго ў юбілейным музычным спаборніцтве прымаюць удзел 20 юных выканаўцаў з 17 краін свету. З асабістых абставін не змагла прыехаць на музычнае спаборніцтва Габі з Польшчы. Беларусь на конкурсе прадставяць Яўгенія Кляпіцкая і Ліза Мураўёва. Адной з самых яркіх падзей насычанага фестывальнага жыцця лічыць гэты конкурс кампазітар, спявак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Грузіі Джэмал Сепіашвілі.