11 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на пенсію за асаблівыя заслугі цяпер могуць прэтэндаваць жанчыны, якія нарадзілі і выгадавалі дзевяць і больш дзяцей і ўдастоены адной з дзяржаўных узнагарод СССР або Рэспублікі Беларусь: ордэна Маці, медаля "Медаль мацярынства", ордэна "Мацярынская слава", ордэна "Маці-гераіня". Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 8 верасня 2012 года №833, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. Як растлумачыла загадчыца сектара па падрыхтоўцы і афармленні рашэнняў камісіі па ўстанаўленні пенсій за асаблівыя заслугі пры Савеце Міністраў Наталля Пучко, у кастрычніку 2011 года была прынята новая рэдакцыя Палажэння аб пенсіях за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Гэтым дакументам прадугледжана ўстанаўленне такой пенсіі грамадзянам, узнагароджаным трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і (або) СССР. У Савецкім Саюзе для ўзнагароджання маці за шматдзетнасць і выхаванне дзяцей былі прадугледжаны "Медаль мацярынства", ордэны "Мацярынская слава" трох ступеняў і "Маці-гераіня". Ордэнам "Мацярынская слава" III, II і I ступеняў жанчыны ўзнагароджваліся паслядоўна за нараджэнне сямі, васьмі і дзевяці дзяцей. Ордэнам "Маці-гераіня" жанчына ўзнагароджвалася за нараджэнне і выхаванне дзесяці дзяцей. У Беларусі існуе толькі адзін ордэн Маці, якім жанчыны ўзнагароджваюцца за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей. У адпаведнасці з артыкулам 67 закона "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь" шматдзетныя маці, якія маюць такія дзяржузнагароды СССР, як "Медаль мацярынства", ордэны "Мацярынская слава" або "Маці-гераіня", да ўзнагароджання ордэнам Маці не прадстаўляюцца. "Пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Палажэння практыка паказала, што існуе катэгорыя шматдзетных маці (большасць - у Брэсцкай вобласці), узнагароджаных у перыяд існавання СССР "Медалём мацярынства", адным або двума ордэнамі "Мацярынская слава", якія ў далейшым нарадзілі яшчэ дзяцей. Але з-за распаду СССР далейшае ўзнагароджанне гэтых жанчын за нараджэнне дзевяці-дзесяці дзяцей ужо не праводзілася, - адзначыла Наталля Пучко. - Такім чынам, жанчыны, якія нарадзілі дзевяць і больш дзяцей у перыяд існавання СССР, былі ўзнагароджаны трыма-чатырма ордэнамі СССР, а тыя, хто нарадзіў столькі ж дзяцей у Рэспубліцы Беларусь, не могуць мець такую ж колькасць ордэнаў і, адпаведна, не мелі права на ўстанаўленне пенсіі за асаблівыя заслугі".