5 жніўня, Шклоўскі раён /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Матэрыяльна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі кадраў у АПК неабходна мадэрнізаваць. Пра гэта заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нефармальнай сустрэчы з журналістамі рэгіянальных СМІ Магілёўскай і Віцебскай абласцей у аграгарадку Александрыя, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Прэзідэнта, адбыўся парадокс: сельскагаспадарчая навука развіваецца па ўсіх напрамках, ствараюцца навукова-практычныя цэнтры, практыка значна прасунулася наперад, а адукацыя сур'ёзна адстала. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што навучанне павінна не плесціся ў канцы сельскагаспадарчай і аграпрамысловай вытворчасці, а забегчы наперад або стаць на адным узроўні. Кузніцай кадраў для сельскай гаспадаркі краіны з'яўляецца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Аляксандр Лукашэнка абазначыў неабходнасць мадэрнізацыі яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама аптымізацыі вучэбнага працэсу ў гэтай ВНУ. "Магчыма, варта скараціць тэрмін навучання на год. Ці пяты год, я настойваю на гэтым, усе студэнты павінны быць на палях", - лічыць Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што з кожным годам на навучанне ў сельскагаспадарчую акадэмію паступае ўсё больш хлопцаў з гарадоў. "З зямлёй яны сутыкаліся мала, прыходзяць і не могуць быка ад каровы адрозніць. Навошта нам патрэбны такія спецыялісты? Таму цалкам пяты год навучання неабходна аддаць практыцы, хай вучацца пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, спецыялістаў на палях, фермах, таках, у майстэрнях, глядзяць, якое яно, сельская гаспадарка", - заключыў Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА