МНС нагадвае: выпальванне сухой расліннасці – забаронена!
З надыходам устойлівых вясновых надвор'я, уладальнікі прыватных падворкаў і дачных дамоў спяшаюцца навесці парадак на сваіх прыдамавых тэрыторыях. Часта навядзенне парадку суправаджаецца спальваннем мінулагодняга смецця, а ў горшых выпадках і зусім – выпальваннем сухой расліннасці на корані.
МНС настойліва нагадвае аб недапушчальнасці выпальвання сухой расліннасці. Гэта не толькі небяспечна, але і строга забаронена. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама стэрні і пажніўных рэшткаў на палях альбо няпрыняцце мер па ліквідацыі прыкмет пажару вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.
У адпаведнасці з артыкулам 16.41
за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды
ў асабліва буйным памеры наступае крымінальная адказнасць.
Спальванне смецця на прысядзібным участку дапускаецца пры выкананні простых правіл бяспекі:
– спальваць мінулагодняе смецце можна толькі ў неветранае надвор'е, на бяспечнай адлегласці ад пабудоў;
– працэс спальвання павінен бесперапынна кантралявацца;
– для спальвання смецця лепш выкарыстоўваць металічную ёмістасць, калі яе няма – месца для вогнішча павінна быць акопана;
– побач павінны знаходзіцца сродкі пажаратушэння: вядро з вадой, лапата або вогнетушыцель;
– не прыцягвайце да працэсу дзяцей і не выкарыстоўвайце для распальвання лёгкаўзгаральныя вадкасці.
Памятайце! Неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём можа прывесці да непапраўных наступстваў і трагедыі. Беражыце сябе, сваіх блізкіх і навакольную прыроду! У выпадку НС паведаміце аб тым, што здарылася, у службу выратавання па тэлефонах 101 або 112.