2 чэрвеня, Кіеў /Людміла Сцепанава - БелаПАН/. Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай, які прадугледжвае арганізацыю сумеснай вытворчасці на тэрыторыі Украіны беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, будзе падпісаны ў бліжэйшыя дні ў Мінску падчас выстаўкі "Белагра-2011", якая пройдзе 7-12 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БелаПАН паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Украіны Мікалай Прысяжнюк падчас міжнароднай выстаўкі "Агра-2011", якая адкрылася сёння ў Кіеве. Як адзначыў кіраўнік украінскага аграрнага ведамства, адпаведнае даручэнне - у максімальна сціслыя тэрміны падрыхтаваць дакумент да падпісання з беларускім бокам - было дадзена прэм'ер-міністрам Украіны Мікалаем Азаравым па выніках нядаўняга візіту ў Мінск. Па словах міністра, для Украіны вельмі важна сёння развіваць з Беларуссю сумесную вытворчасць і зборку збожжаўборачных камбайнаў, трактароў, абсталявання для пасеву збожжавых. Мікалай Прысяжнюк таксама станоўча ацаніў беларускую сельскагаспадарчую тэхніку, прадстаўленую на выстаўцы "Агра-2011". "Я захоплены тымі поспехамі, якія зрабіў беларускі бок у галіне сельгасмашынабудавання", - сказаў ён. Высока ацаніў дасягненні беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў, які прыняў удзел у адкрыцці міжнароднага аграпрамысловага форуму ў Кіеве. Кіраўнік украінскага ўрада наведаў стэнды Міністэрства прамысловасці Беларусі, агледзеў прадстаўленую на выстаўцы тэхніку: збожжаўборачныя камбайны "Палессе", трактары МТЗ і інш. На выстаўцы "Агра-2011" ва ўкраінскай сталіцы сваю прадукцыю прадстаўляюць вядучыя беларускія прадпрыемствы: МТЗ, "Гомсельмаш", "Лідаграпраммаш", "Магілёўліфтмаш", "Амкадор", а таксама шэраг сумесных беларуска-ўкраінскіх прадпрыемстваў, такіх як Гандлёвы дом "МТЗ-Беларусь-Украіна" (Мікалаеў), "Украграбелмаш" (Дняпро), і інш. У адкрыцці выстаўкі "Агра-2011" прынялі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Седзін, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Іван Дземідовіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне Валянцін Велічка. Удзельнікаў урачыстага адкрыцця кіеўскага аграфоруму прывітаў вакальна-харэаграфічны ансамбль "Белы Птах" Мінскага палаца культуры МТЗ.-0-

БелаПАН