21 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Мемарыяльная дошка выдатнаму вучонаму-краязнаўцу Мікалаю Касперовічу адкрыецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным краязнаўчым музеі.
Памятны знак устаноўлены ў абласным цэнтры на доме №4 па вуліцы Крылова. Менавіта тут вучоны жыў разам з сям'ёй у 1926 годзе. Аўтарамі мемарыяльнай дошкі з'яўляюцца вядомыя беларускія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў і Іван Казакоў.
Сёння ж у абласным краязнаўчым музеі адкрыецца выстава, прысвечаная 113-й гадавіне з дня нараджэння выдатнага вучонага. У экспазіцыі некалькі стэндаў, на якіх прадстаўлены біяграфічныя дакументы, фотаздымкі і навуковыя працы Мікалая Касперовіча, створаныя ім у віцебскі перыяд жыцця.
Мікалай Іванавіч Касперовіч унёс значны ўклад у развіццё мовазнаўства, гісторыі беларускай культуры, літаратуры і мастацтва. Вучоны стаяў ля вытокаў беларускага краязнаўства, яго імя непасрэдна звязана з гісторыяй станаўлення Беларускай акадэміі навук. У Віцебску вучоны пражыў толькі два гады, але гэты перыяд быў вельмі насычаным. Тут Касперовіч займаўся арганізатарскай, метадычнай і навуковай дзейнасцю. У Віцебску вучоны пачаў праграму па стварэнні мясцовага слоўніка беларускай мовы. Матэрыялы, сабраныя краязнаўцамі пад кіраўніцтвам Мікалая Касперовіча, і сёння ўяўляюць вялікую каштоўнасць для навукі.-0-