– Прыемна адзначыць, што мы не толькі памятаем, але і працягваем гаварыць пра подзвігі тых далёкіх гадоў. І сёння падрастаючае пакаленне, нашы гараджане, прадпрыемствы і арганізацыі не застаюцца абыякавымі да захавання гістарычнай памяці. Так, за подпісам моладзевага аб’яднання ваенна-патрыятычнага клуба «Пошук» у гарвыканкам прыходзілі лісты з ініцыятывай абнавіць мемарыяльную дошку, – адзначыў намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. – Адгэтуль, праходзячы ўздоўж праспекта Фрунзе, гараджане і госці абласнога цэнтра будуць не толькі спыняцца каля сімвала памяці, але і цікавіцца лёсам Льва Даватара. Мы ганарымся тым, што гэта наш зямляк, які нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняга Бешанковіцкага раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго імем называлі ваенную тэхніку, сёння імя генерал-маёра прысвоены вуліцам у гарадах Беларусі і Расіі, а ў Віцебску ў яго гонар праходзіць турнір па грэка-рымскай барацьбе.
Леў Міхайлавіч Даватар добраахвотнікам уступіў у шэрагі Чырвонай арміі. Дзейнічаючы ў тыле ворага, выконваючы заданне камандавання, разам з кавалерыйскім корпусам знішчаў варожыя боепрыпасы і баявую тэхніку. За свае подзвігі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Леніна. Каля вёскі Палашкіна пад горадам Руза Маскоўскай вобласці Леў Даватар размясціў паходны штаб кавалерыйскага корпуса і, вырашыўшы асабіста агледзець перад атакай размяшчэнне абароны праціўніка, узняўся на супрацьлеглы бераг ракі. Фашысты, заўважыўшы натоўп людзей, ударылі з кулямёта. Так, у снежні 1941 года генерал-маёр быў смяротна паранены і загінуў ва ўзросце 38 гадоў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў пасмяротна.
– Леў Міхайлавіч Даватар – яскравы прыклад самаадданага служэння Айчыне. З упэўненасцю можна сказаць, што яго смеласць, мужнасць і патрыятызм будуць натхняць маладых людзей, – адзначыў старшыня віцебскага моладзевага ваенна-патрыятычнага клуба «Пошук» Анатоль Бурда.