15 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Менш чым за месяц продажаў раскуплена 70% білетаў на мерапрыемствы XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Лідэрамі продажаў сталі канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця фестывалю. Практычна раскуплены білеты на сольныя канцэрты Валерыі, Ірыны Алегровай, Сяргея Пінкіна, Барыса Маісеева, бенефіс Льва Лешчанкі, вечар гумару тэатра парадыі Уладзіміра Вінакура, "Шоу Веркі Сердзючкі" тэатра Андрэя Данілкі. З аншлагамі пройдуць усе спектаклі праекта "Тэатральныя сустрэчы". Як адзначыў Радзівон Бас, значныя набыцці білетаў сёлета зрабілі турыстычныя кампаніі, прычым не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Генеральны дырэктар задаволены папярэднімі вынікамі продажаў і заклікае не адчайвацца тых, хто не змог купіць білеты на выступленні любімых артыстаў. Сярод больш чым 70 фестывальных мерапрыемстваў напэўна знойдуцца такія, якія прыцягнуць увагу. Да таго ж праграма папоўнілася двума цікавымі праектамі. Ураганам над фестывалем пранясецца Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь. У сімфа-рокам праграме "Ураган" прагучаць шэдэўры класікі року: Scorpions, Quenn, Metallica. Ну а "Ноч "Бітлз" у Віцебску", без сумневу, падорыць пазітыўны настрой усім аматарам добрай музыкі, тым больш што гэтую ноч у Віцебску будзе граць гурт The Cavern Beatles. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю Радзівон Бас лічыць павялічаную колькасць канцэртаў з жывым гукам. Гэта і сольны канцэрты Валерыі, Сяргея Пінкіна, Аляксандра Разенбаўма, і канцэрты Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. "Фестываль - "жывы", - рэзюмаваў Радзівон Бас. Кошт білетаў на фестывальныя мерапрыемствы вагаецца ад Br20 тыс. да Br750 тыс. Самыя дарагія білеты на канцэрт урачыстага адкрыцця - ад Br460 тыс. да Br750 тыс. Наведванне сольных канцэртаў у Летнім амфітэатры абыдзецца ад Br160 тыс. да Br300 тыс., зборных - ад Br80 тыс. да Br180 тыс. Дэмакратычныя цэны ў канцэртнай зале "Віцебск" - ад Br50 тыс. да Br150 тыс. Сустрэчы з тэатральным мастацтвам абыдуцца гледачам ад Br65 тыс. да Вr130 тыс. Білеты можна набыць у касах за наяўны і безнаяўны разлік, а таксама ў Інтэрнэце ў кампаній Ticketpro і kvitki.by.-0-