Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства стартуюць сёння ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства стартуюць сёння ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Дзень беларускага пісьменства ў Полацку аб'яднаў у адно тры святы - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 1155-годдзе горада і непасрэдна Дзень пісьменства. Трохдзённая праграма святкавання адкрыецца 1 верасня урачыстай лінейкай да Дня ведаў "Мы ганаровае імя Скарыны нясём" з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, педагогаў і навучэнцаў. Іншыя мерапрыемствы гэтага дня таксама пройдуць пад знакам моладзі і імя беларускага першадрукара. Так, лепшыя знаўцы жыццёвага шляху знакамітага земляка паспрабуюць свае сілы ў Скарынаўскай алімпіядзе. Аматары гістарычнай рэканструкцыі запрашаюцца днём у падарожжа па школе мінулага, а ўвечары - на свята-фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон". Прыхільнікаў літаратурнай і тэатральнай творчасці захопіць калейдаскоп розных праектаў, прысвечаных Скарыне: "З глыбіні стагоддзяў...", "Нашчадкі вялікага Скарыны", "У пачатку было слова...", "Мы - нашчадкі Скарыны". Яны будуць праводзіцца на працягу дня ў школах і ўстановах культуры горада.
Насычаны мерапрыемствамі наступны дзень, бо 2 верасня пад званок званоў усіх храмаў старажытнага горада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. Шматлікім удзельнікам, гасцям і журналістам давядзецца пастарацца, каб не прапусціць нічога цікавага. А ў гэту катэгорыю трапляе ўсё: маляўнічае тэатралізаванае шэсце, прысвечанае 1155-годдзю Полацка і папярэджваючае ўрачыстае адкрыццё Дня горада; міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў "Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання; навукова-практычная канферэнцыя "Полацкія чытанні"; фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытачоў "Жывая класіка"; шматлікія выставачныя праекты і канцэрты. Асобна варта адзначыць фестываль кнігі і прэсы, цырымонію адкрыцця Памятнага знака "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" і прэзентацыю ўнікальнага мастацкага праекта "Тры Сафіі", арганізаванага Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД. Увечары ў Полацк з Дабрадатным агнём ад труны Гасподняй прыбудуць удзельнікі экспедыцыі "Дарога да Святыняў". Мерапрыемствы экспедыцыі арганічна ўвойдуць у агульнае палатно маштабнага свята.
Галоўнымі падзеямі 3 верасня стануць цырымоніі памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства", уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці. Таксама будуць працаваць розныя тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя рады, а за ўвагу гледачоў будуць змагацца літаратурна-музычныя і выставачныя праекты. Яркім пунктам завяршэння Дня беларускага пісьменства ў Полацку стане канцэрт майстроў мастацтваў "Залатая калекцыя беларускай песні". Несумненна, што ва ўсім разнастайнасці падзей трохдзённага марафону кожны зможа знайсці нешта цікавае для сябе. А арганізатары свята пастараліся зрабіць яго асаблівым і запамінальным для ўсіх, бо міжнароднае прызнанне спадчыны Францыска Скарыны пацверджана рашэннем ЮНЕСКА: 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання ўключаны ў каляндар памятных дат.