Мерапрыемствы да Дня памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай пачынаюцца сёння ў найстарэйшым горадзе Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Мерапрыемствы да Дня памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай пачынаюцца сёння ў найстарэйшым горадзе Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Увесь хрысціянскі свет адзначае 5 чэрвеня Дзень памяці прападобнай. Некаторыя мерапрыемствы прайшлі ў Полацку яшчэ напярэдадні, у прыватнасці, у Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыўся навуковы семінар. Асноўныя ж урачыстасці стартуюць сёння з самага ранку з набажэнстваў у храмах Полацка і раёна і хросных хадоў да Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Чакаецца, што агульны хросны ход аб'яднае больш за тысячу вернікаў, паломнікаў, у тым ліку з іншых краін. На пляцоўцы ля помніка Ефрасінні Полацкай будзе дадзена пачатак асветніцкаму праекту "Садружнасць творчых ідэй "Імя святой Ефрасінні праз стагоддзі захоўваем" - на базе школ і іншых устаноў адукацыі пройдуць інфармацыйныя і творчыя гадзіны, літаратурныя і іншыя акцыі. Увечары ў Палацы культуры ААТ "Полацк-Шкловалакно" будзе рэалізаваны яшчэ адзін асветніцкі праект "Рапсодыі мастацтва "Ефрасіння - дачка зямлі Полацкай", а таксама музычныя сустрэчы запланаваны ў Сафійскім саборы.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей запаведнік падрыхтаваў сваю праграму: прэзентацыю актавай пячаткі прападобнай (у Музеі беларускага кнігадрукавання) і стацыянарную выставу "Сценапіс XII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскага храма" (у Мастацкай галерэі).
Асобнай падзеяй стане міжнародны літаратурны фестываль "Цэнтр Еўропы-2017", які пройдзе 3-5 чэрвеня і збярэ прафесіяналаў і аматараў мастацкага слова з Беларусі, Расіі, Казахстана, Малдовы, Балгарыі, Чарнагорыі, Аўстрыі. Творчыя брыгады пісьменнікаў сустрэнуцца са студэнтамі Полацка, некаторыя з гасцей правядуць персанальныя творчыя вечары, майстар-класы па вершаскладанні. Таксама ў праграме конкурсы паэзіі і малой прозы, літаратурна-сцэнічны конкурс, кніжныя кірмашы і прэзентацыі, вечар літаратуры на пляцоўцы ля памятнага знака "Цэнтр Еўропы", канферэнцыя "Сучасная моладзевая літаратура - пачатковы або зваротны адлік" і многае іншае.